Чытаць і перачытваць Быкава — народнага пісьменніка ўшанавалі ў Мінску

19 чэрвеня, у Дзень нараджэння Васіля Уладзіміравіча, да яго на Усходнія могілкі прыйшлі ўдава Ірына Міхайлаўна, ягоныя калегі, прыхільнікі творчасці, прадстаўнікі незалежнай прэсы.

Былі ўскладзеныя кветкі ад ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і МГА "ЗБС Бацькаўшчына".

Пісьменніцкую арганізацыю прадставілі: Старшыня Барыс Пятровіч (Сачанка), намеснік Старшыні Усевалад Сцебурака, прадстаўнік прэс-службы, крытык Ціхан Чарнякевіч, сакратар Сюзанна Паўкштэла, літаратары Лявон Баршчэўскі, Сяргей Ваганаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Сіўчыкаў.

Барыс Пятровіч (Сачанка)

Ціхан Чарнякевіч, Ніна Шыдлоўская, Алена Макоўская, Усевалад Сцебурака

Ушанавалі памяць Васіля Быкава кіраўнікі МГА "ЗБС Бацькаўшчына" Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская.

Да Дня памяці Васіля Уладзіміравіча ў "Кнігазборы" быў выдадзены першы беларускі графічны раман, намаляваны маладым мастаком Янам Жвірблем па матывах хрэстаматыйнага апавядання "Сваякі", пра што паведаміў у сваім слове Старшыня ГА "СБП" Барыс Пятровіч.

Злева направа: Лявон Баршчэўскі, Барыс Пятровіч, Уладзімір Сіўчыкаў, Ірына Быкава, Сяргей Ваганаў, Уладзімір Някляеў

Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў паказаў дзве кнігі з серыі "Мая беларуская кніга", якія таксама пабачылі свет напярэдадні 19 чэрвеня: "Жоўты пясочак" і "Мёртвым не баліць".

Выступае Ірына Быкава

Ірына Міхайлаўна Быкава падзякавала ўсім тым, хто памятае Васіля Уладзіміравіча, чытае ягоныя кнігі і прыходзіць да яго. Прыгадалі Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і іншых сяброў спадара Васіля, якіх, на жаль, ужо няма з намі. Светлая памяць класікам беларускай літаратуры. 

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org