“Беларусы ў ЗША” Вітаўта Кіпеля

Днямі ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” пабачыла свет другое выданне кнігі патрыярха беларускай эміграцыі на Захадзе Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”. Кніга ў больш як 600 старонак багата ілюстраваная, дапрацаваная і дапоўненая новай інфармацыяй з улікам апошніх двух дзясяткаў гадоў, што мінулі ад часу яе першага беларускага выдання ў 1993 г.

Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы самога Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і маёй як рэдактара. Гэтае выданне стала асабліва важным для мяне як магчымасць выказаць павагу і падзяку чалавеку, якога бязмежна паважаю як асобу, як даследчыка, як беларуса.

Яшчэ ў часе нашага працоўнага спаткання з Вітаўтам Кіпелем у снежні 2016 года, калі абмяркоўваліся дапаўненні і ілюстрацыі, я задала яму колькі пытанняў у сувязі з новым выданнем.

Наталля Гардзіенка: Як узнікла ідэя напісаць кнігу пра беларусаў у ЗША?

Вітаўт Кіпель: Ідэя кнігі ўзнікла бадай з першага дня, як я прыехаў у Амерыку. Гэта былі каталіцкія Каляды 1955 года. Праз дзень ці два я пайшоў рэгістравацца ў бюракратычныя амерыканскія ўстановы і зразумеў, што чыноўнікі нічога не ведаюць пра беларусаў. Тады я скіраваўся ў бібліятэку, каб там нешта знайсці апублікаванае пра амерыканскіх беларусаў, і нічога не знайшоў. І я вырашыў, што трэба зрабіць адмысловую кнігу. Вось так думка нарадзілася, але было невядома, як яна рэалізуецца.

Хутка мне давялося выехаць у Балтымар і іншыя гарады працаваць, было вяселле, з’явіліся дзеці, але думку пра кнігу тым часам я не пакідаў, бо нідзе не мог знайсці публікацый пра беларусаў Амерыкі, і мяне гэта, прызнацца, злавала. Справа ў тым, што калі я прыехаў у ЗША і жыў некаторы час у Пасэйку (Нью-Джэрсі), дзе мае бацькі былі ад 1949 года, дык там беларуская мова была і каля царквы, і ў крамах, і асабліва каля гэтак званых “польскага народнага дома” і “рускага народнага дома”. Я бачыў, што беларусаў шмат, але пра іх нідзе не напісана. І гэта ўмацавала мяне ў думцы, што беларусы мусяць напісаць пра сябе самі, распавесці пра сябе амерыканцам.

З цягам часу гэты намер умацоўваўся, і калі я затрымаўся на працу ў Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы, то цвёрда вырашыў пачаць. У бібліятэцы былі даступныя газетныя матэрыялы, кнігі, і я стаў па кроплях збіраць матэрыял у розныя папкі пра “прыезд”, “пачаткі” і г.д. У часе збірання звестак пра людзей, якія прыехалі ў ЗША на пачатку ХХ стагоддзя, я ўбачыў, што яны былі далёка не першыя, а значна раней сюды таксама прыязджалі нашыя людзі. І тады кніга пашырыла першапачатковую задуму апісаць толькі эміграцыю ад пачатку ХХ ст. Я пайшоў у ранейшае, паўстала пытанне, а калі ж вестка пра Амерыку трапіла да нас у Беларусь, калі мы даведаліся пра Амерыку. Гэтак ішло пашырэнне ўжо самой тэмы. Вось так паступова і паўстала кніжка.

Дарэчы, я ад самага пачатку пісаў па-ангельску, бо думаў, што для Амерыкі гэтая кніга найбольш патрэбная, менавіта тут варта сказаць, што былі беларусы. Але потым змяніліся абставіны, і ў пачатку 1990-х гадоў з’явіўся добра падрыхтаваны перакладчык Сяргей Шупа, дзякуючы якому першым пабачыла свет менавіта беларускае выданне, у ЗША кніга выйшла ў 1999 годзе. Я быў вельмі задаволены, што якраз на Бацькаўшчыне кніга была ўпершыню апублікаваная.

Н. Г.: Былі іншыя беларусы, зацікаўлены ў тым, каб нешта збіраць пра суродзічаў у Амерыцы, ці гэта выключна Вашая ініцыятыва?

В. К.: Першы артыкул пра беларусаў Амерыкі аўтарства Сцяпана Бубешкі быў апублікаваны, здаецца, у 1921 годзе ў Вільні. Думаю, што былі і іншыя людзі, якія збіралі звесткі. Але сабраць матэрыял на кнігу, напэўна, у людзей проста не хапала цярпення, бо гэта нялёгкая справа, калі сапраўды нічога няма. Прыпушчаю, што ініцыятары, ахвотнікі былі, можа, у нейкіх архівах мы і знойдзем штосьці, але ніхто нічога большага не напісаў.

Н.Г.: Вашая кніга ў Беларусі ў 1993 г. стала адметнай з’яваю

В.К.: Так, я быў вельмі задаволены з гэтага выдання. Я шмат ездзіў тады па Беларусі і, прыкладам, прыходзіш у раённую бібліятэку і бачыш, што там кніжка ёсць. Асабліва мне спадабалася падарожжа. Мы затрымаліся ў Дукоры, бо ехалі на нейкую імпрэзу, арганізаваную Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Ганнай Запартыкай. І ў Дукоры мяне паклікалі ў бібліятэку выступіць, бо яны ведалі і мелі маю кнігу. Гэтак было і ў Слуцку, і ў Магілёве… гэта было прыемна.

Н.Г.: “Беларусы ў ЗША” некалі сталі своеасаблівым пачаткам навуковага эміграцыязнаўства ў Беларусі. У 1990-х гадах пайшоў працэс “адкрыцця” эміграцыі з боку метраполіі, нарадзілася вялікая цікавасць, пачалі з’яўляцца тэксты, прысвечаныя беларускай эміграцыі. І сёння ўжо багата, пра што напісана. Якія тэмы цяпер варта вывучаць у першую чаргу ў дачыненні да беларускай эміграцыі?

В.К.: Гэтая кніга сапраўды была першая даследчага профілю. Дзіўная была з’ява. Я прыязджаў на Бацькаўшчыну амаль кожны год. Людзі ў Беларусі ведалі, што суродзічы выязджалі на эміграцыю, галоўным чынам у Амерыку. Мала хто чуў, што ехалі ў Аўстралію, ці ў Францыю, ці ў Нямеччыну, а пра Амерыку кожны грамадзянін ведаў, але нічога не пісалася.

Пасля набыцця незалежнасці, пасля 1990-х гадоў, вельмі моцнае пачалося такое збіранне камянёў, з’явіліся артыкулы і працы пра беларусаў Сібіры, беларусаў у Аўстраліі, Вялікабрытаніі. Думаю, што ў Еўропе трэба прысвяціць кнігі і Нямеччыне, і Італіі, і Францыі. І з цягам часу, напэўна, гэта будзе зроблена. Але мне здаецца, трэба, каб гэта ўсё ішло сістэматычна. Краіна сама павінная ведаць, што адток гэткай колькасці насельніцтва ўплываў і на развіццё краіны, і на эканамічнае, і на нацыянальнае і іншае жыццё. І гэта ўсё павінна вывучацца. Мы не ведаем, колькі людзей выехала. Адны кажуць, мільён, другія — каля мільёна. Дакладна мы не ведаем. Але ж недзе статыстыка ёсць, яе трэба шукаць. Павінная быць нейкая ўстанова, інстытуцыя, якая будзе сістэматычна даследаваць эміграцыю з Беларусі. Іншыя народы, прыкладам, ірландцы, італьянцы, ведаюць, колькі ў іх з’ехала, які гэта мела ўплыў на эканоміку, на развіццё Бацькаўшчыны, і запісваюць сабе ў актыў тое, што іх эмігранты зрабілі для сусветнай эканомікі, навукі, мастацтва. А ў нас ніхто нічога асабліва не ведае. Выязджалі людзі, і мы маем прыклады, што дасягнулі вялікіх пазіцый, пасадаў у адміністрацыях розных краінах. І не толькі мы, і яўрэйства трэба ўлічыць як частку беларускай нацыі, бо выязджалі яны з нашай тэрыторыі, гаварылі яны па-беларуску, мелі з сабою тыя самыя баранкі і мяхі праз плячо. Гэта была беларуская эміграцыя. Мае быць установа, якая б гэта ўсё вывучала, бо эміграцыя працягваецца, працэс не скончыўся. Колькі на сёння выязджае? Дзясяткі тысяч. Гэта ж стварае дэмаграфічны дэфіцыт, бо калі выязджае маладая пара, іх дзеці будуць для Беларусі фактычна страчаныя. І гэта ўсё трэба вывучаць.

Другое выданне “Беларусаў у ЗША” пабачыла свет да 90-х угодкаў аўтара, дзеля адзначэння якіх плануецца таксама арганізацыя віртуальнай (на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва) і рэальнай (у Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”) выставаў. Адкрыццё апошняй — у ліпені гэтага года, у часе З’езду беларусаў свету — плануецца з удзелам дачкі Вітаўта Кіпеля Алесі. Тады ж адбудзецца і прэзентацыя гэтай кнігі.

Наталля Гардзіенка


Другое выданне кнігі Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША” можна набыць у кніжных крамах:

Мінск

Акадэмкніга (пр-т Незалежнасці, 72) Цэнтральны кніжны (пр-т Незалежнасці, 19) Кнігі & Кніжачкі (пр-т Незалежнасці, 14) Веды (вул. К. Маркса, 36) Кнігарня пісьменніка (вул. Казлова, 2) Светач (пр-т Пераможцаў, 11)

Берасце

Іскра (вул. Пушкінская, 4)

Гародня

Праметэй (вул. Савецкая, 10)

Бабруйск

Крыніца ведаў (вул. Горскага, 31)

Ліда

Кніжны свет (пр. Перамогі, 33)

Маладзечна

Спадчына (вул. Прытыцкага, 7)

Наваполацк

Дом кнігі (вул. Маалдзёжная, 145)