Сёмы з’езд беларусаў свету: ідзе вылучэнне дэлегатаў

Шаноўнае спадарства!

Працягваецца актыўная падрыхтоўка да Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, які адбудзецца ў Мінску 15–16 ліпеня гэтага года. Зараз ідзе перыяд вылучэння дэлегатаў ад суполак, а Працоўная група па падрыхтоўцы З’езда займаецца дэталізацыяй праграмы, вырашае шматлікія арганізацыйныя і тэхнічныя пытанні па правядзенні гэтага буйнога міжнароднага мерапрыемства.

Атрымаўшы запрашэнне, як найхутчэй адкажыце на яго, у тым ліку паведамляйце, ці маеце патрэбу ў гатэлі і дапамогу ў афармленні візы (калі плануеце прыехаць болей, чым на 5 дзён, і/ці не самалётам).

Калі вы не з’яўляецеся сябрам Згуртавання “Бацькаўшчына”, але жадаеце ўзяць удзел у З’ездзе ў якасці госця, паведаміце нам пра гэта на электронны адрас zbsb.minsk@gmail.com.

Дзеля максімальнага ўключэння ў выніковыя дакументы З’езда меркаванняў беларусаў замежжа, Управа ЗБС “Бацькаўшчына” звяртаецца да вас з просьбай незалежна ад фармальнага сяброўства ў нашай арганізацыі запоўніць адмысловую АНКЕТУ – выказаць прапановы і пытанні, скіраваныя да беларускай дзяржавы і да грамадскасці, акрэсліць найбольш важныя для вас праблемы з практыкі ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”