Янка Запруднік: “Бацькаўшчына - у людзях”

У верасні Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" адзначыла юбілей у чвэрць стагоддзя. Пра тое, што значыла і значыць Бацькаўшчына для амерыканскіх беларусаў, кажа даўні сябра Рады арганізацыі, актыўны дзеяч беларускай паваеннай эміграцыі ў ЗША, гісторык і публіцыст Янка Запруднік.

Спачатку пра самое слова.

 “Бацькаўшчына” для нас на чужыне было не толькі святым словам, на якое малілася душа й канцэнтраваліся думкі. Яно суправаджала нашы ўчынкі й нашы сны. Гэтае слова было напоўнена глыбінным зьместам, красамоўна выкладзеным у першым нумары тыднёвай газеты “Бацькаўшчына”, што пачала выходзіць у Мюнхене ў кастрычніку 1947 г.:

“Бацькаўшчына – гэта ж ня толькі зямля бацькоў і бацькоў бацькоў аж углыбкі сівых пакаленьняў. Бацькаўшчына – гэта найперш уся спадчына гэных пакаленьняў, увесь духовы набытак іх, пераказваны з роду ў род, і не дзеля таго, каб яго занядбаць ці зусім выкінуць, ці схаваць, закапаць у зямлю назаўсёды, а якраз натое, каб пашыраць і павелічаць, памнажаць і пераказваць далей нашчадкам. І гэткая Бацькаўшчына – не ў зямлі, а ў людзях першым і галоўным чынам”.

А ў красавіку 1990 г., калі перад Беларусяй паступова адчыняліся шырэй вароты ў вольны свет, амерыканскія беларусы звярнуліся з гэтым словам да суродзічаў “на Бацькаўшчыне”, у якім было сказана:

“Сёньня мы яшчэ больш адчуваем сябе часткай усяго Беларускага Народу, які ў спрыяльнейшых цяпер абставінах публічнасьці й перабудовы стаў на шлях вяртаньня да сваіх спрадвечных каранёў, традыцыяў, культурных вартасьцяў, ідэалаў індывідуальнае свабоды, правоў чалавека, добрасуседзкага сужыццья зь іншымі нацыянальнасьцямі і мірных дачыненьняў з суседнімі народамі...

“Мы верым, што адраджэнскія сілы ў Беларусі выявяць у сёньняшнім паваротным часе глыбокае разуменьне ўнікальнасьці шанцу, які Гісторыя дае нашаму народу, каб ён мог узьняцца да вышыняў нацыянальнага існаваньня, да якіх заклікае ўсіх нас гені Янкі Купалы.” (“Беларус” №369, красавік 1990, с. 1)

Так, Бацькаўшчына не ў зямлі, а ў людзях. Як прароча сказаў Янка Купала: “Не загіне Край Забраны покуль будуць людзі”.

З тым большай прыхільнасцю беларусы замежжа сустрэлі й падтрымалі выказаную ў Мінску 25 гадоў таму ініцыятыву заснавання Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Нарэшце для беларусаў, раскіданых па цэлым свеце, прыйшло адчуванне, што скончылася “выгнанне”, знікла “ўцякацтва”, вярнулася пачуццё, што дзе б ты ні быў, ты маеш за сабой родную духам Бацькаўшчыну, хоць і не ў цэлай самой уладзе, але ў людзях. Бо ж лагоднасць палітычнага надвор’я ў Беларусі першай палавіны 1990-х не патрывала доўга, неўзабаве неба захмарылася, вятры дзьмухнулі ў адваротны бок. Праўда, ЗБС “Бацькаўшчына” паспяхова перажыло змену клімату дзякуючы ягоным празорлівым кіраўнікам і прыхільнікам, але ўмовы існавання арганізацыі й ейнай дзейнасці значна звузіліся ў параўнананні з тым, што адбывалася на пачатку 1990-х. Не стала таго, што магло быць, але засталося тое, што можа адбывацца ў дадзеных абставінах: трыманне лучнасці паміж раскіданымі па свеце суродзічамі; праводжанне з’ездаў беларусаў свету; абуджванне патрыятычнай самаахвярнасці ў грамадстве; выдаванне бюлетэня як сувязнога органа; культурніцкія праекты й мерапрыемствы на замацоўванне й пашыранне нацыянальнай самасведамасці; абарона правоў роднай мовы; кніжнае выдавецтва, канцэртная дзейнасць ды шмат чаго падобнага й вельмі карыснага.

За ўсё гэта належыцца вялікая падзяка заснавальнікам Згуртавання ў асобе першага старшыні сп. Яўгена Лецкі, кіраўнікам-прадаўжальнікам арганізацыі, сябрам Вялікай і Малой Радаў ды сучаснаму кіраўніцтву ў асобах спадарынь Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай і іхніх супрацоўнікаў за працу на шырокай айчыннай і міжнароднай ніве – працу, якая, трэба моцна верыць, знойдзе пераемнікаў у наступных пакаленнях Маці-Беларусі.

Янка Запруднік

Самэрсэт, Нью-Джэрсі, ЗША

Кастрычнік 2015 г.