Антон Адамовіч

Антон Адамовіч – літаратуразнавец, крытык, празаік, публіцыст, гісторык, педагог. Псеўданімы: Альгердзіч, Бірыч, Віж, Грыбель, Калшавец, Забранскі, Крыцкі, Недасек, Нізоцкі, Самадум, Склют, Спадзявайла, Сучаснік, Хізма, Юстапчык.

Нарадзіўся ў 1909 г. у Мінску ў сям’і служачых. У доме была немалая бібліятэка, з дзяцінства шмат чытаў, з 12-гадовага ўзросту ўваходзіў у Згуртаванне беларускай моладзі, базай якога была “Беларуская хатка” пад кіраўніцтвам Яўхіма Кіпеля.

Вучыўся ў Белпедтэхнікуме, дзе выкладчыкамі былі Я.Колас, Я.Лёсік, М.Грамыка, М.Піятуховіч, слухаў лекцыі Я.Карскага. У I928 г. паступіў на другі курс БДУ (літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака).

Рана выявіўся ягоны талент даследчыка літаратуры і крытыка. Ужо з 1926 г. пачаў выступаць з рэцэнзіямі на творы беларускіх пісьменнікаў: В.Маракова, М.Гарэцкага, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Труса, Я.Барычэўскага. Друкаваўся ў часопісе “Узвышша”, “Чырвоны сейбіт”. Быў самым маладым сябрам “Узвышша” (пазней літаратурныя справы гэтага перыяду апісаў у кнізе “Беларуская літаратура ў супраціве саветызацыі”, 1958).

У 1930 г. быў арыштаваны, абвінавачаны ў прыналежнасці да Саюзу вызвалення Беларусі і высланы. Вызваліўся праз 8 гадоў, вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ.

Падчас вайны працаваў у “Беларускай (Менскай) газэце”, актыўна займаўся беларускімі справамі, шмат публікаваў артыкулаў па нацыянальным пытанні, публіцыстычных і літаратуразнаўчых. Калі раннія артыкулы і рэцэнзіі А.Адамовіча пісаліся ў духу тагачасных савецкіх патрабаванняў, то ўся ягоная наступная творчасць была прысвечана адраджэнскім, нацыянальным праблемам. У 1942 г. ён напісаў адзін з лепшых сваіх артыкулаў “Узвышэнства, як беларуская нацыянальная ідэалогія” (апублікаваны ў “Беларускай газэце”), дзе выказаў погляды на беларускую нацыянальную ідэалогію, разглядаў “Узвышша” не толькі як літаратурную арганізацыю, але і як цэнтр духоўнай апазіцыі, цэнтр нацыянальнай эліты, якая імкнулася стварыць канцэпцыю нацыянальнага paзвіцця.

З 1943 г. А.Адамовіч жыў у Германіі, супрацоўнічаў з берлінскай беларускай газетай “Раніца”, друкаваў на яе старонках многія артыкулы, у тым ліку і такія працы, як “Нашы нацыянальныя эмблемы”, у якой распавядалася гісторыя герба “Пагоня” і Бел-чырвона-белага сцяга. У пасляваенны час А.Адамовіч знаходзіўся ў Заходняй Германіі, у лагерах перамешчаных асобаў, працаваў у створаных там школах для беларускіх дзяцей, выкладаў беларускую мову, літаратуру і гісторыю ў гімназіі імя Янкі Купалы (Міхельсдорф, Рэгенсбург). Адначасова займаўся літаратурай, публіцыстыкай, друкаваўся ў эмігранцкіх газетах і часопісах. Надаючы вялікае значэнне перыядычнаму друку (артыкул “Перыядычны друк як гадавальнік беларускае літаратуры”), стаў рэдактарам-заснавальнікам газет “Ведамкі”, “Бацькаўшчына”, часопісаў “Сакавік”, “Конадні”. Адзін з актыўных супрацоўнікаў і арганізатар Мюнхенскага інстытуту па вывучэнні CCСP, радыёстанцыі “Свабода”, кіраваў яе беларускай рэдакцыяй.

У 1950 г. пераехаў у ЗША, жыў у Нью-Ёрку, працаваў выкладчыкам гісторыі Калумбійскага ўніверсітэту, быў адным з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары, ідэалагічным лідэрам БНР і віцэ-прэзідэнтам Рады БНР. У 1951 г. браў удзел у заснаванні Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНІМ), шмат зрабіў для развіцця літаратурнага руху на эміграцыі, садзейнічаў выданню твораў беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, укладальнік і аўтар грунтоўных прадмоў да збору твораў Н.Арсенневай (“Між берагамі”), А.Салаўя (“Нятускная краса”). Выдаваў і пісаў уступныя артыкулы для кніг М.Багдановіча, А.Гаруна, Я.Коласа, У.Жылкі, Л.Случаніна, Л.Калюгі, А.Мрыя, напісаў успаміны пра рэпрасаваных беларускіх дзеячаў (“Несентыментальнае падарожжа”), пра У.Дубоўку, Я.Пушчу, пра якіх у тыя часы на Беларусі нават не згадвалі. Пісаў пра “Тутэйшых” Янкі Купалы, пра “Званара Адраджэння” Вацлава Ластоўскага, пра Івана Луцкевіча, пра Купалавы балады 1918 г., пра “Слуцкіх песняроў”, да ўгодкаў смерці К.Чорнага і П.Труса, выступаў з дакладамі, рэфератамі па творчасці Ф.Багушэвіча, Цёткі, М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, вызначаў гістарычнае месца “Нашай Нівы” ў развіцці літаратуры і культуры Беларусі. Пісаў крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, рэдагаваў творы пісьменнікаў-эмігрантаў: Ю.Віцьбіча, Р.Крушыны, М.Кавыля, А.Саковіч, М.Сяднёва, М.Целеша, Я.Юхнаўца, успаміны пра беларускіх кампазітараў М.Равенскага і М.Куліковіча-Шчаглова.

Займаючыся навуковай дзейнасцю ў галіне літаратуры, гісторыі, А.Адамовіч з нацыянальна-адраджэнскіх светапоглядных установак, з антысавецкіх пазіцый і бескампрамісным адмаўленнем бальшавіцкай ідэалогіі разглядаў творчасць класікаў, пісаў пра беларускую савецкую літаратуру, гаварыў пра этапы мэтанакіраванага разгрому беларускай творчай эліты ў гады сталіншчыны, паўсюдную русіфікацыю, знявагу беларускай мовы, вывядзенне яе з навучальных устаноў. Раскрываў жорсткія догмы метаду сацыялістычнага рэалізму, які абмяжоўваў свабоду творчасці мастакоў слова, спрабаваў выпрацаваць новую канцэпцыю гісторыі беларускай літаратуры. Раскрываючы перыяды самага вострага наступу бальшавікоў на літаратуру ў 30-40-х гг., гаварыў пра фізічнае вынішчэнне беларускіх пісьменнікаў, і таму ставіў перад сабой задачу – як мага больш падрабязна расказаць пра іх жыццёвы і творчы шлях, складаў бібліяграфію іх твораў, прыводзіў прыклады намаганняў пісьменнікаў зашыфраваць антыбальшавіцкі змест твораў, заклікі змагацца за вольную Бацькаўшчыну. I заўсёды звязваў літаратурныя праблемы з пытаннямі нацыянальнага адраджэння, незалежнасці Беларусі (“Разгон народу. Кароткі нарыс дачыненняў між бальшавізмам і беларушчынай”, “Беларусізацыя ў гістарычнай перспектыве”, “Нацыянальнае самавызначэнне і саветы”, “Савецкая канцэпцыя нацыі”).

Ha працягу ўсёй сваёй дзейнасці А.Адамовіч займаўся праблемамі беларускай мовы, добра разумеючы яе значэнне як найважнейшай перадумовы развіцця і захавання нацыі, народа сярод іншых народаў свету. Валодаючы англійскай мовай, Адамовіч надрукаваў звыш сотні беларусазнаўчых артыкулаў у англамоўных даведніках, часопісах, энцыклапедыях. Спрабаваў ён свае сілы і ў прозе. Найбольш значныя ў мастацкіх адносінах – “Каханы горад”, навелы “Чорная бель”, “Трывога”, “Усяночная”, “Безруч”, “Эмігранцкая песня”. Пісаў таксама фельетоны і памфлеты. У гэтых творах, як і ў крытычных і публіцыстычных артыкулах, яскрава прасочваецца беларуская нацыянальная ідэя. Тэматычна яны звернуты ў асноўным да падзеі вайны, складанага даваеннага перыяду, студэнцкага жыцця, раскрываюць пачуцці, перажыванні герояў, пераважна маладых людзей, якія апынуліся на цяжкіх, супярэчлівых шляхах эпохі: рэпрэсій, вайны, выгнання, развітання з Радзімай.

Памёр Антон Адамовіч у 1998 г. у Нью-Ёрку, пахаваны на беларускіх могілках Нью-Брансвіка, штат Нью-Джэрсі.