Першае пасяджэнне новаабранай Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў

Сябры новаабранай Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў мусілі прайсці сапраўдны квэст. Разам з запрашэннем на пасяджэнне яны атрымалі фрагмент карты сталіцы, дзе было пазначанае новае месца збору – арт-прастора “Тартак”. Большасць справілася з заданнем, і кворум для галасавання быў забяспечаны.

Гаворыць старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:

— Па выніках сямнаццатага справаздачна-выбарчага з’езда была абраная новая Рада, у якую увайшло шмат новых сяброў, была павялічана колькасць Рады да 39 чалавек. Мы ўпершыню сабраліся, я ўдзячны ўсім, хто мог прыйсці на Раду, дапамагчы нам прааналізаваць нашу працу, зрабіць нейкія накіды на будучыню. Мы абралі новых намеснікаў старшыні, імі сталі Алесь Пашкевіч і Усевалада Сцебурака, мы абралі новую прыёмную камісію і вырашылі яшчэ некаторыя актуальныя задачы актуальныя. Мы настроены далей працаваць сур’ёзна і плённа, як і было дагэтуль. 

Падчас пасяджэння адбылося і абмеркаванне зняважлівай у адносінах да Саюза беларускіх пісьменнікаў публікацыі ў газеце “Народная воля”. Сябры Рады разважліва вырашылі не рабіць ніякіх захадаў па яе аспрэчванні, улічваючы шалёны ціск, які афіцыйная ўлада ўжывае апошнім часам да журналістаў незалежных СМІ.

Максім Каўняровіч, “Беларускае Радыё Рацыя”