17 сакавіка – Гісторык Ігар Мельнікаў запрашае на аўтограф-сесію

17 сакавіка Ігар Мельнікаў запрашае на аўторгаф-сесію сваёй новай кнігі «Забытыя героі» у мінскай «Акадэмкнізе».

Новае выданне беларускага гісторыка прысвечана малавядомым старонкам вайсковай гісторыі Беларусі, у прыватнасці, расказвае пра службу беларусаў у Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе падчас Другой сусветнай вайны.

Кніга багата ілюстравана ўнікальнымі фотаздымкамі з прыватнага архіва Ігара Мельнікава, а таксама ў ёй, упершыню ў Беларусі, змешчаны каляровыя здымкі ўніформы з калекцыі аўтара. Менавіта ў гэтых «бэтлдрэсах» беларускія андэрсаўцы і дэсантнікі змагаліся з нацыстамі ў 1944 годзе ў Італіі і Галандыі. Дарэчы, калекцыі ўніформы Другой сусветнай вайны, як у аўтара кнігі, могуць пазайздросціць шматлікія беларускія і нават замежныя музеі. Акром гэтага, вялікая ўвага ў кнізе нададзена пытанням рыштунку і ўзбраення гэтых вайсковых фармацый.

28 лютага 2017 года ў Х павільёне Варшаўскай цытадэлі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Беларусы ў Войску Польскім 1939-1945 гг. З прыватнага архіва Ігара Мельнікава». Нагадаем, што гэты праект быў зроблены беларускім даследчыкам у супрацы з Амбасадай Польшчы ў Мінску. На вернісажы прысутнічала вялікая колькасць прадстаўнікоў польскіх міністэрстваў і ведамстваў, а таксама замежныя дыпламаты, акрэдытаваныя ў Польшчы. Ігар Мельнікаў правёў экскурсію па выставе, а таксама прэзентаваў новую кнігу і распавёў прысутным пра тое, як адбывалася праца над ёй.

Варта адзначыць, што выстава ў Варшаве адкрылася пад патранатам Амбасады Беларусі ў Варшаве, а амбасадар Аляксандр Авяр’янаў падкрэсліў вялікую важнасць захавання памяці пра нашых суайчыннікаў, што служылі ў польскім войску ў 1939-1945 гг. Акрамя гэтага Ігар Мельнікаў прэзентаваў кнігу ў Сейме Польшчы.

Наклад «Забытых герояў» — усяго 300 асобнікаў і гэтае ўнікальнае выданне стала сапраўднай падзеяй на беларускім кніжным рынку. Апошнія асобнікі кнігі можна будзе набыць падчас аўтографсесіі, якая адбудзецца 17 сакавіка 2017 года а 17 гадзіне ў сталічнай кнігарне «Акадэмкніга». Там жа можна будзе сустрэцца і паразмаўляць з кандыдатам гістарычных навук Ігарам Мельнікавым.

“Наша Ніва”