Травеньскі сход Згуртаваньня “Пагоня”

13 траўня ў Доме Маракоў на Мангэтане прайшоў чарговы сход Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня”. Напачатку, для тых хто першы раз прыйшлі на сход, старшыня арганізацыі сп. Віталь Зайка распавёў пра яе дзейнасьць, мэты і прынцыпы.

Сп. Віктар Едзіновіч выступіў з кароткай, але вельмі зьмястоўнай і цікавай прэзэнтацыяй пра паўстаньне 1831 года (Лістападаўскае паўстаньне), пра якое няшмат цяпер вядома. Ён акрэсьліў храналёгію і ход паўстаньня, удзел у ім беларусаў і асабліва спыніўся на асобе Эміліі Плятэр, што зрабілася сымболем польскага вызвольнага руху, але, як і Тадэвуш Касьцюшка, таксама належыць двум народам, польскаму і беларускаму.

Затым адбылася гутарка-прэзэнтацыя фотамастака Алеся Крыштаповіча. Напачатку сп. Крыштаповіч распавёў пра сябе, пра вучобу ў Менску і захапленьне фатаграфіяй. Пасьля заканчэньня тэхналягічнага тэхнікуму ў Менску быў мабілізаваны ў савецкае войска, служыў у Сярэдняй Азіі. Потым быў пасланы ў Аўганістан, служыў у Дар-уль-Амане, Хосьце, Кабуле. “Здавалася, што тая сытуацыя ня скончыцца ніколі, тое напружаньне, адчуваньне свайго існаваньня сярод народу, які ўспрымаў савецкіх жаўнераў як ворагаў. Таксама былі відавочнымі хібы сыстэмы савецкай акупацыі, абмежаванасьць і хамства каманднага складу, затурканасьць шараговых байцоў, якім не прадугледжвалася мець сваёй думкі, праяўляць ініцыятыву”. Прамоўца ўзгадаў выпадак з камандзірам, які ў адказ на запыт пра  інфармацыю, што патрэбная была для выкананьня абавязкаў, пагражаў аддаць пад трыбунал за “намер скрасьці ваенную таямніцу”! Але сярод афіцэраў былі й нармальныя людзі; праз аднаго зь іх удалося атрымаць высланыя бацькамі фотаапарат і фотаматэрыялы. Стаў рабіць здымкі, фатаграфаваў сяброў, аўганцаў і сцэны на вуліцах, але ўсё гэта трэба было рабіць цішком, хаваючыся ад начальства. Зробленыя здымкі й нэгатывы ўдалося правезьці назад у СССР.

Затым фотамастак працаваў у Музэі народнай архітэктуры й побыту ў Строчыцах, актыўна здымаў – былі часы перабудовы і беларускага нацыянальнага адраджэньня 1980-х. Ён публікаваў свае здымкі ў газэтах “Наша Ніва”, “Свабода”. Хадзіў на акцыі “нефармальных”, як тады казалі, арганізацыяў, здымаў дзеячоў нацыянальнага руху, у тым ліку такіх вэтэранаў, як Зоська Верас, і маладых адраджэнцаў. Стаў спэцыялізавацца на жанры партрэту. Цікавіла выяўленьне ўнутранай псыхалягічнай сутнасьці асобы праз мастацтва партрэту. Шмат фатаграфаваў у Беларусі і працягнуў гэтую дзейнасьць, апынуўшыся напачатку 1990-х гадоў у Амэрыцы. Тут таксама цікавіць асоба, характар і кантэкст.

Далей прамоўца спыніўся на сваім амэрыканскім пэрыядзе жыцьця і творчасьці. Адною з музаў фотамастака, прысутнай на шмат якіх творах, стала кампазытарка і сьпявачка Вольга Казак-Анлар. Ён таксама выказваў свае думкі наконт сучаснага стану фотамастацтва і стаўленьня да яго грамадзтва, згадаў творчасьць фотамастачкі Вівіян Маер. Сп. Крыштаповіч удзельнічаў у шматлікіх конкурсах, мае прэстыжныя ўзнагароды. Гутарка фотамастака ілюстравалася слайд-паказам праз праектар.

Пасьля сп. Алесь, што прыехаў зь Віцебска, падзякаваў “Пагоні” за дапамогу і спагаду, падкрэсьліўшы важнасьць ўзаемадапамогі беларусаў удалечыні ад Бацькаўшчыны. Ён заклікаў прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні МозгаБойня. Затым прысутныя мелі нагоду пашырыць і паглыбіць знаёмствы пры сьціплых пачастунках.

Віталь Зайка