Адказ Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце
Міністраў Рэспублікі Беларусь"
(22.06.2004 № 01-13/0179)
“Аб прадстаўленні інфармацыі
У адпаведнасці з запытам аб прадстаўленні інфармацыі па пэўных пытаннях узаемадзеяння
з беларусамі замежжа Камітэт паведамляе наступнае.
Нагадваем, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
не можа, як гэта выкладзена ў вашым лісце, “прадстаўляць інтарэсы не ўласна аб’яднання,
а значнай колькасці суполак беларускай дыяспары”, паколькі артыкулам 22 Закона Рэспублікі
Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” прадугледжана, што яны прадстаўляюць і абараняюць
правы і інтарэсы толькі сваіх членаў. Статут МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” таксама не можа прадугледжваць
такія палажэнні, як сцвярджаецца ў вашым лісце, бо гэта супярэчыць дзеючаму заканадаўству
Рэспублікі Беларусь.
Таксама нагадваем, што прадстаўнікі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” былі ўключаны ў склад рабочай
групы па падрыхтоўцы праекту закона “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой” па прапанове
Камітэта. Яны прысутнічалі на ўсіх пасяджэннях рабочай групы, валодаюць усёй магчымай
інфармацыяй адносна палажэнняў дадзенага законапраекту і могуць у поўным аб’ёме самастойна
вызначыць, якія прапановы і пажаданні ўдзельнікаў трох з’ездаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
былі ўлічаны пры яго падрыхтоўцы. Канчатковы варыянт гэтага законапраекту знаходзіцца
ў Нацыянальным цэнтры законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які
ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў з’яўляўся распрацоўшчыкам і арганізатарам
працы рабочай групы па падрыхтоўцы праекту закона.
Паведамляем, што ў сувязі з адсутнасцю ўзгаднення зацікаўленымі канчатковага праекту Дзяржаўнай
праграмы “Беларусы ў свеце” просьба МГА “ЗБС Бацькаўшчына” аб прадстаўленні тэксту праграмы
не можа быць задаволена.
Старшыня Камітэта С.І.Буко”
Каментар: Паведамляем, што МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сапраўды ў адпаведнасці са статутам
прадстаўляе інтарэсы толькі сяброў сваёй арганізацыі. І сёння ў адзін толькі кіруючы орган
“Бацькаўшчыны” – Вялікую Раду – уваходзяць 72 кіраўнікі беларускіх арганізацый з 16 краін
свету.
“Бацькаўшчына” сапраўды была сябрам Рабочай групы і выйшла з шэрагам прапаноў да законапраекту,
распрацаваных юрыдычнай камісіяй аб’яднання. Яшчэ ў 2002 г. “Бацькаўшчына” звярнулася
ў Цэнтр законапраектнай дзейнасці з просьбай прадставіць канчатковы варыянт законапраекту,
але атрымала па тэлефоне адказ, што законапраект знаходзіцца ў Савеце Міністраў Рэспублікі
Беларусь, а дакладна – у Камітэце па справах рэлігій. Менавіта гэтым і тлумачацца шматлікія
звароты аб’яднання да гэтых структур.
Таксама нагадваем, што праект дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” быў распрацаваны
Камітэтам яшчэ ў 2002 г. Спадзяемся, што 2-х гадовае ўзгадненне праграмы з “усімі зацікаўленымі
асобамі” ўсё ж скончыцца неўзабаве прыняццем праграмы.
|