Вакол закона "Аб суайчынніках..." (11.09.2003)
У 2002 г. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" брала ўдзел у працы рабочай
групы Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце
Рэспублікі Беларусь па распрацоўцы праекту закона "Аб суайчынніках,
якія пражываюць за мяжой". МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выйшла з шэрагам
прынцыповых заўваг і прапаноў, якія былі дасланы ў адрас Савета
Міністраў. На жаль, мы не атрымалі адказу ні ад Савета Міністраў,
ні копію канчатковага варыянта законапраекта ад Цэнтра законпраектнай
дзейнасці. Запланаваны на восень 2002 г. разгляд праекта закона
ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
таксама не адбыўся. Таксама не адбылося прыняцце Дзяржаўнай праграмы
"Беларусы ў свеце", якая распрацоўвалася на 2002-2010 гг. Камітэтам
па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Па словах загадчыка аддзела
па нацыянальнасцях вышэйзагданага камітэта Г.Уральскага (размова
адбылася на пачатку чэрвеня 2003г.) да гэтага часу працягвае дзейнічаць
дзяржаўная праграма, прынятая ў 1993 г. Запыт наконт прыняцця
закона сп. Уральскі пераадрасаваў да Савета Міністраў. Складваецца
ўражанне, што камітэт альбо не валодае інфармацыяй, альбо робіць
з гэтага вялікую тайну.
24.06.2003 г. "Бацькаўшчына" падрыхтавала зварот у Савет Міністраў
Беларусі, у якім утрымлівалася просьба паскорыць прыняцце закона,
які рэгуляваў бы адносіны Рэспублікі Беларусь з беларусамі, што
пражываюць за мяжой, з мэтай вырашэння ў поўным аб'ёме праблем
беларусаў замежжа, стварэння спрыяльных умоў дзеля ўмацавання
іх сувязяў з Бацькаўшчынай. Наш ліст утрымліваў таксама тры канкрэтныя
пытанні:
- ці ўлічаныя ў законапраекце заўвагі і прапановы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына";
- калі адбудзецца абмеркаванне праекта закона "Аб суачынніках..."
у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- калі будзе прынята новая праграма па падтрымцы беларускай
дыяспары.
У адпаведнасці з п. Закона Рэспублікі Беларусь Савет Міністраў
абавязаны прадставіць адказ на запыт. Да сённяшняга дня аніякага
адказу "Бацькаўшчына" не атрымала. А загадчык аддзела Ўпраўлення
сацыяльна-культурнай сферы Савета Міністраў Н.Голубева паведаміла,
што наш ліст прыняты да ведама. На пытанні наконт даты прыняцця
закона і праграмы сп. Голубева адказала, што мяркуецца правядзенне
агульнага схода з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары на
якім, разам з імі будуць дапрацаваны гэты дакументы. Але на пытанне,
калі адбудзецца сход сп. Голубева таксама не змагла адказаць.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
|