Перапіска з дзяржаўнымі ўстановамі (11.10.2002)
Па праекту закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой"
16.10.2002 г. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" накіравала свае заўвагі
і прапановы па праекту закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць
за мяжой", які быў распрацаваны Цэнтрам законатворчай дзейнасці
пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, у Савет Міністраў Рэспублікі
Беларусь, Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага
Сходу Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, што юрыдычны цэнтр "Бацькаўшчыны" распрацаваў свой
праект Закона пад назвай "Аб стасунках Рэспублікі Беларусь з беларусамі
замежжа", які грунтаваўся на пажаданнях і прапановах, выказаных
прадстаўнікамі арганізацый беларускай дыяспары. Гэты праект як
прапановы да распрацаванага Цэнтрам законатворчай дзейнасці і
быў прадстаўлены ў вышэйназваныя дзяржаўныя ўстановы.
Адказ на наш ліст 13.11.2002 г. прыйшоў ад Камісіі па сацыяльных
пытаннях Савета Рэспублікі, у якім гаворыцца аб тым, што зараз
законапраектам займаецца Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Законапраект будзе выненсены на разгляд Нацыянальнага сходу толькі
ў кастрычніку 2003 г. Савет жа Рэспублікі не ўносіць змены ў законапраект,
а толькі мае права ўхваліць ці адхіліць яго.
Адпаведна беларускаму заканадаўству дзяржаўная ўстанова павінна
на працягу аднаго месяца адказаць на ліст фізічнай альбо юрыдычнай
асобы. Нажаль, адказаў ад Савета Міністраў і Палаты прадстаўнікоў
"Бацькаўшчына" пакуль не атрымала.
Па пытанню ўстаноўкі мемарыяльнай дошкі дзеячам Інбелкульта
Яшчэ 30.04.2002 г. "Бацькаўшчына" накіравала ў Мінгарвыканкам
ліст з просьбай дазволіць размясціць мемарыяльную дошку дзеячам
Інстытута беларускай культуры (які ў 1928\1929 гадаў ператварыўся
ў Беларускую акадэмію навук) на будынку, дзе ён раней знаходзіўся,
па адрасе: г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15. Сёння ў гэтым будынку
знаходзіцца офіс Згуртавання "Бацькаўшчына" і Нацыянальны навукова-асветны
цэнтр імя Ф.Скарыны. Дошка была выраблена на дабрачынныя ахвяраванні
у 1998 г. (скульптар А.Шатэрнік) і ўтрымлівае прозвішчы 34-х акадэмікаў
і навукоўцаў, якія сталі заснавальнікамі вышэйшай навуковай установы
Беларусі. Адказ на запыт "Бацькаўшчына" атрымала толькі 29.10.2002
г. з просьбай пісьмова ўзгадніць тэкст дошкі з Нацыянальнай акадэміяй
навук Беларусі. Трэба адзначыць, што першая спроба ўзгадніць тэкст
мемарыяльнай дошкі з НАН Беларусі была прадпрынята дырэктарам
Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.Скарыны А.Мальдзісам
у 1998 г. Нажаль, справа так і не была вырашана.
02.12.2002 г. "Бацькаўшчына" накіравала два лісты па пытаннях
узгаднення тэкстаў дошкі. Адзін - прэзідэнту НАН Беларусі сп.М.
Мясніковічу, з просьбай узгадніць тэкст дошкі, другі - старшыні
Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь А.Вайтовічу
(былому прэзідэнту НАН Беларусі) з просьбай пахадайнічаць аб станоўчым
вырашэнні гэтага пытання.
Па пытаннях забяспячэння інфармацыйных патрэб беларускай дыяспары
14.11.2002 г. адбылася сустрэча старшыні Рады МГА "Згуртаванне
беларусаў свету "Бацькаўшчына" А.Макоўская з міністрам інфармацыі
Рэспублікі Беларусь М.Падгайным. Пад час сустрэчы сп. М.Падгайнаму
быў перададзены афіцыйны ліст ад "Бацькаўшчыны" па пытаннях забяспячэння
наступных інфармацыйных патрэб беларускай дыяспары:
- заключэнне пагадненняў аб рэгулярным інфармацыйным абмене
з тэлебачаннем Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі з улікам
патрэб беларускай дыяспары і нацыянальных меншасцяў Беларусі;
- распрацоўка мерапрыемстваў па рэалізацыі міжурадавых пагадненняў
аб распаўсюджванні на тэрыторыі краін СНД, Балтыі і інш. беларускіх
тэле- і радыёпраграмм, арганізацыі тэле- і радыёвяшчання на
гэтыя краіны;
- спрыянне стварэнню ў краінах былога СССР агульнадзяржаўных
выданняў на беларускай мове;
- арганізацыя цэнтралізаванай падпіскі расійскіх бібліятэк на
беларускі перыядычны друк (як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя
выданні) у постсавецкіх дзяржавах.
Па пытанню стварэння цэнтраў юрыдычнай дапамогі беларускай дыяспары
пры пасольствах Рэспублікі Беларусь
02.12.2002 г. "Бацькаўшчына" накіравала ліст ў Міністэрства замежаных
спраў Рэспублікі Беларусь з просьбай паспрыяць стварэнню пры пасольствах
Рэспублікі Беларусь цэнтраў юрыдычнай дапамогі беларускай дыяспары
з наданнем ім наступных функцый:
- інфармаванне аб асноўных правах і свабодах чалавека і грамадзяніна,
у тым ліку аб праве на грамадзянства і праве на свабоду яго
выбару;
- кансультаванне па правах нацыянальнай меншасці адпаведна заканадаўству
краін пражывання;
- юрыдычная і арганізацыйная дапамога ў дзейнасці арганізацый
беларускай дыяспары;
- растлумачэнне ўмоў набыцця грамадзянства Рэспублікі Беларусь;
- кансультаванне па пытаннях удзелу ў інвестыцыях у эканоміку
Рэспублікі Беларусь, знешнеэканамічнай дзейнасці камерцыйных
арганізацый, а таксама ў цэлым па пытаннях вядзення прадпрымальніцкай
дзейнасці ў Беларусі;
- інфармаванне аб умовах доступу да адукацыі ў Беларусі, аб
умовах ажыццяўлення навукова-даследчай дзейнасці на яе тэрыторыі,
аб умовах працаўладкавання па спецыяльнасці на падставе дыпломаў,
выдадзеных за мяжой;
- кансультаванне па пытаннях уезду, выезду і знаходжання на
тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, атрымання віз, іх кошту, памераў
мытных пошлін і збораў, аб умовах турыстычных вандровак у Беларусь,
у т.л. умовах так званага сельскага турызму;
- інфармаванне аб заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у сферы
аховы здароўя;
- кансультаванне па пытаннях атрымання права на пастаяннае жыхарства
ў Рэспубліцы Беларусь, на набыццё маёмасці, зямлі, атрымання
спадчыны;
- растлумачэнне ўмоў захоўвання грошай у банкаўскіх установах
Беларусі;
- інфармаванне аб умовах і правілах пражывання ў гатэлях, карыстання
транспартам, аб існуючых на дадзены момант цэнах на тавары і
паслугі штодзённага попыту ў Беларусі і г.д.
Па пытанню стварэння пры НАН Беларусі спецыяльнай навукова-аналітычнай
структуры па праблемах беларускай дыяспары
02.12.2002 г. "Бацькаўшчына"накіравала зварот у НАН Рэспублікі
Беларусь з прапановай разгледзець магчымасць стварэння пры Акадэміі
навук Беларусі спецыяльнай навукова-аналітычнай структуры па праблемах
беларускай дыяспары. У сваім лісце Згуртаванне акрэсліла насупныя
задачы такой навукова-аналітычнай структуры:
- каардынаваць намаганні дзяржавы і грамадскасці ў выпрацоўцы
тактыкі і стратэгіі працы з дыяспарай на доўгатэрміновы перыяд,
пошуку найбольш эфектыўных шляхоў узаемадачыненняў беларусаў
у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі;
- арганізоўваць фундаментальныя прыкладныя даследаванні ў галіне
замежнага беларусазнаўства.
Перспектыўнымі напрамкамі дзейнасці тут могуць быць:
- стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы і банка дадзеных
па арганізацыях беларускай дыяспары, у тым ліку падрыхтоўка
навуковага перыядычнага выдання "Беларуская мова і культура
за мяжой";
- распрацоўка дамоўна-прававой базы для ўнутранага і знешняга
вектараў працы з беларускімі арганізацыямі ў свеце (па праблемах
рэпатрыяцыі этнічных беларусаў, падтрымкі і абароны нацыянальных
правоў беларускіх меншасцяў у краінах пражывання і г.д.);
- прыцягненне дапамогі сусветнай беларускай супольнасці ў рэалізацыі
навукова-тэхнічных даследаванняў па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай
катастрофы;
- вядзенне навуковага маніторынгу за выкананнем і бягучым удасканаленнем
Закона Рэспублікі Беларусь аб стасунках з беларусамі замежжа,
праект якога зараз разглядаецца ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі
Беларусь.
Пра вынікі нашай перапіскі з дзяржаўнымі ўстановамі будзем
паведамляць па меры атрымання адказаў.
|