А. Трусаў: “Такім чынам, класічны правапіс на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фактычна забаронены”

24 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні Закон «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Цяпер яму належыць прайсці зацверджанне верхняй палатай беларусканга парламента і Прэзідэнтам. Уступіць у сілу новы закон 1 верасня 2010 года.

Узгадаем перадгісторыю яго прыняцця.

4 красавіка мінулага года Савет Міністраў унёс на разгляд Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Праект Закона «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У траўні Праект быў змешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт партале Рэспублікі Беларусь у камп’ютэрным банку дадзеных праектаў законаў Рэспублікі Беларусь, а 13 жніўня — на сайце Міністэрства адукацыі.

Праект прадугледжваў унясенне цэлага шэрагу зменаў у існы правапіс. Аднак змяненне правапіснага стандарту з’яўляецца надзвычайнай мерай, якая патрабуе сур’ёзнага абгрунтавання. Папярэдняе азнаямленне са зместам Праекта дало падставы сумнявацца ў мэтазгоднасці прапанаваных у ім зменаў. Ды і само з’яўленне такога дакумента выглядае несвоечасовым.

З нагоды прыняцця закона 30 жніўня 2007 года адбылося пасяджэнне сакратарыята ТБМ, на якім было вырашана, што неабходным з’яўляецца правядзенне шырокага грамадскага абмеркавання Праекта Закона, апублікаванне яго ў дзяржаўных СМІ, правядзенне круглага стала з удзелам спецыялістаў, навукоўцаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і шырокай грамадскасці, а таксама распрацоўшчыкаў Праекта, прадстаўнікоў Савета Міністраў і Міністэрства адукацыі, дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

28 верасня 2007 года на сядзібе ТБМ адбыўся «круглы стол», прысвечаны абмеркаванню Праекта Закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Удзельнікі — беларускія навукоўцы, настаўнікі і журналісты — прынялі наступную рэзалюцыю:

«Мы канстатуем, што ў Рэспубліцы Беларусь склалася нездавальняючая сітуацыя з ужываннем дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця. Прапанаваны Праект Закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», на нашу думку, ніякім чынам не прадугледжвае паляпшэння сітуацыі і не спрыяе пашырэнню выкарыстання дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі краіны.

З мовазнаўчага пункту гледжання — на дадзены момант адсутнічаюць перадумовы для якаснага складання новага арфаграфічнага зводу з улікам сучасных патрабаванняў лінгвістычнай навукі: не распрацаваны тэарэтычныя асновы правапіснай кадыфікацыі, не маюць строгага акрэслення арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы; да гэтага часу не створана электронная база беларускай мовы.

З юрыдычнага пункту гледжання — звяртае на сябе ўвагу тое, што правядзенне змен у правапісе прапануецца ў форме закона. У выніку яго прыняцця грамадзяне, якія карыстаюцца беларускай мовай, падвергнуцца дыскрымінацыі, бо Праект Закона прадугледжвае «адзіныя Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, якія ўстанаўліваюць аднастайнасць пісьмовай беларускай мовы і з’яўляюцца абавязковымі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь»; аднак падобнае адзінства і аднастайнасць арфаграфічных і пунктуацыйных нормаў не прадугледжваецца ў адносінах да іншых моў, у тым ліку ў адносінах да другой дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь — рускай.

У сувязі з вышэйсказаным мы лічым неабходным зрабіць наступнае:
1) адкласці прыняцце змен у правапісе беларускай мовы ў форме закона — да аднаўлення рэальнага функцыянавання беларускай мовы ў асноўных сферах дзейнасці дзяржавы;
2) апублікаваць Праект новай рэдакцыі Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі ў дзяржаўных друкаваных СМІ;
3) арганізаваць шырокае грамадскае абмеркаванне Праекта новай рэдакцыі Правілаў;
4) правесці навуковую канферэнцыю па праблемах беларускага правапісу;
5) правесці парламенцкія слуханні па праблеме прыняцця новай рэдакцыі Правілаў.»

25 чэрвеня 2008 года ў газеце «Звязда» з’явіўся артыкул Алы Мачалавай «Законныя правілы. Нюансы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі прайшлі пробу другім чытаннем». У дадзеным артыкуле цытуюцца словы старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова тэхнічным прагрэсе Уладзіміра Здановіча. Сп. Здановіч адзначыў у прыватнасці, што сярод асноўных змяненняў у правапіс прадугледжваюцца «новыя фармулёўкі правілаў і іншую сістэму іх групіроўкі, пашырэнне прынцыпу акання і напісання «ў» у словах іншамоўнага паходжання, спрашчэнне правілаў пераносу слоў, упарадкаванне напісання вялікай літары (так, паводле слоў дэпутата, з вялікай літары будуць пісацца ў выпадках высокага стылістычнага ўжывання словы «Радзіма», «Айчына», «Чалавек», «Маці»)».

Адзначаецца таксама, што распрацаваныя правілы не знялі ўсе праблемы беларускага правапісу, а сучасная моўная практыка мае патрэбу ў больш строгім вызначэнні правапісу канчаткаў часцін мовы. У правілах інфармацыю аб гэтым мы не знойдзем, бо гэта праблемы не арфаграфіі, а пунктуацыі. Такім чынам, існуе патрэба ў стварэнні ў будучыні асобнага дакумента.

Таварыства беларускай мовы адзначае пэўныя прагрэсіўныя рысы новага варыянту правапісу. Так, добра, што словы экзэмпляр, сэрвіс, інтэрнэт крыху змянілі сваё аблічча і пішуцца з літарай э.

Станоўча, што захоўваецца напісанне «і» пасля прэфіксоідаў звыш , між , пан , супер , транс , контр .
Што словы гарвыканкам, прафкам атрымалі нарэшце натуральны беларускі выгляд. На гэтыя прыклады было шмат нараканняў падчас абмеркавання.

Да таго ж з вялікай літары будуць зараз пісацца слова Бог і іншыя словы, звязаныя з рэлігійнай тэматыкай, напрыклад, Крыж Ефрасінні Полацкай, а таксама назва нашай былой дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае.
Пры гэтым маецца і шэраг заўваг. У тэксце Закона неаднаразова ўжываецца фармулёўка «пішацца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем». Аднак нідзе ў тэксце няма дакладнага вызначэння, што трэба разумець пад літаратурным вымаўленнем.

Зусім не зразумелы сэнс фразы, якая часта паўтараецца ў тэксце Закона «напісанне… вызначаецца па слоўніку». Які менавіта слоўнік маецца на ўвазе, кім і калі ён створаны?

Да таго ж застаецца адкрытым надзвычай актуальнае пытанне правапісу прозвішчаў і іх склонавых формаў.
Аднак самае адмоўнае заключаецца ў змесце Артыкула 2. Цытуем яго цалкам: «Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сферах і выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы».

Такім чынам, класічны правапіс на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фактычна забаронены, што паглыбляе раскол нашага грамадства, у тым ліку і па моўнай прыкмеце.

Вельмі цікавым з’яўляецца Артыкул 3, у якім «Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь да 1 верасня 2010 года даручаецца:
«забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;
прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона».

Хочацца спадзявацца, што «іншыя меры» абмяжуюцца толькі друкаваннем новых слоўнікаў, падручнікаў і метадычнай літаратуры.

Алег Трусаў

Паводле сайта “Беларускія навіны”

‹‹ на галоўную | у архіў