Падведзеныя вынікі агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечанай БНР

Вынікі агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, прысвечанай 90-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, падведзеныя 26 чэрвеня ў Мінску ў літоўскай амбасадзе.

Як адзначыў ініцыятар правядзення акцыі, палітолаг Уладзімір Падгол, 23 сакавіка беларусам давялося пісаць дыктоўку ў офісах, на вуліцы, у храмах, паколькі ўсе бібліятэкі краіны, у тым ліку і нацыянальная, адмовілі ў яе правядзенні.

У. Падгол мяркуе, што акцыя стане традыцыйнай і да яе далучацца літоўцы, палякі і ўкраінцы. "Такая дыктоўка стане рэальным крокам на шляху Беларусі ў Еўрасаюз", - адзначыў палітолаг.

Амбасадары Балгарыі, Ізраіля, Літвы, Польшчы, Славакіі, ЗША, Украіны і Чэхіі, якія ў сакавіку прымалі актыўны ўдзел у напісанні дыктоўкі, атрымалі ганаровыя прызы - копіі Звону Свабоды.

Прызамі за мужнасць былі адзначаныя вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху 1980-х Сяржук Вітушка, актывіст КХП-БНФ Барыс Хамайда, а таксама легендарны Мірон, які пісаў дыктоўку на даху жылога дома ў Віцебску пад бел-чырвона-белым сцягам.

Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў у якасці прыза ўручыў бібліятэчку беларускіх кніг адной з удзельніц дыктоўкі Яўгеніі Дудко, маці палітвязня Аляксандра Казуліна.

Паводле БелаПАН
‹‹ на галоўную | у архіў