У Брэсце і ўшанавалі памяць дзеяча БНР
У рэдакцыі газеты “Брэсцкі кур’ер” адбыўся круглы стол, прысвечаны памяці навукоўца і грамадскага дзеяча, аднаго з прэм’ер-міністраў і міністра замежных спраў ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі Аляксандра Цвікевіча.
Аляксандр Цвікевіч нарадзіўся ў Брэсце 22 чэрвеня 1883 года. Ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў Беларускай народнай грамады. У 1918 годзе, пасля непрызнання паўнамоцтваў беларускай дэлегацыі, удзельнічаў у Брэсцкай мірнай дамове ў складзе Украінскай Народнай Рэспублікі. У наступныя гады на эміграцыі актыўна выступаў за міжнароднае прызнанне БНР. Але потым, пад уплывам палітыкі беларусізацыі, стаў прыхільна ставіцца да Савецкай Беларусі і вярнуўся на радзіму. У выніку спачатку быў арыштаваны, а затым расстраляны ў 1937 годзе.
На паседжанне круглага стала былі запрошаныя такія вядомыя асобы, як менскі гісторык Анатоль Сідарэвіч і брэсцкі гісторык прафесар Міхаіл Стралец. Рэдакцыйны круглы стол быў прысвечаны 125-м угодкам з дня нараджэння Аляксандра Цвікевіча і 90-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” |