У Мінск прыбыў дзяржсакратар Ватыкана

Сёння ўвечары ў Нацыянальным аэрапорце дзяржаўнага сакратара папы рымскага Бенедыкта XVI кардынала Тарчызіо Бертоне, які ўпершыню наведвае Беларусь на дзяржаўным узроўні, сустракала рота ганаровай варты.
Як паведаміў адказны за сувязі са СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандр Амяльчэня, адразу пасля прыбыцця ў сталіцу Беларусі кардынал накіраваўся ў цэнтр “Карытас” пад Мінскам, дзе жывуць дзеці з анкалагічнымі захворваннямі.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, падчас візіту, які будзе доўжыцца да 22 чэрвеня, дзяржаўны сакратар Святога прастола сустрэнецца з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанідам Гулякам. Запланавана таксама сустрэча Тарчызіо Бертоне з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, патрыяршым экзархам усяе Беларусі.

Дзяржаўны сакратар Ватыкана наведае Беларускі дзяржаўны універсітэт і выступіць перад выкладчыкамі і студэнтамі з лекцыяй на тэму: “Вера і розум: Як казаць пра Бога сучаснаму чалавеку”.
Кардынал правядзе святую імшу ў мінскім Архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, асвеціць вуглавы камень касцёла святога Яна Хрысціцеля ў сталічным мікрараёне Серабранка.
У праграме візіту таксама ўскладанне вянкоў да манумента на плошчы Перамогі ў Мінску, наведванне Пінска (Брэсцкая вобласць) і Гродна, сустрэча з членамі Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, удзел у набажэнствах, шэраг іншых мерапрыемстваў.

Тарчызіо Бертоне нарадзіўся 2 снежня 1934 года ў Рамана Канавезе, Італія. Італьянскі кардынал. Вывучаў тэалогію ў Турыне і Рыме, дзе атрымаў ступень доктара кананічнага права. Больш за 20 гадоў выкладаў у найбольш аўтарытэтных навучальных установах Ватыкана, у 1989 годзе быў абраны рэктарам папскага Салезіянскага універсітэта. 22 чэрвеня 2006 года было аб'яўлена пра яго прызначэнне на пасаду дзяржаўнага сакратара. Пасаду заняў 15 верасня 2006 года. Дзяржсакратар адказвае за палітычныя і дыпламатычныя дзеянні папскага прастола. Фактычна гэта ў адной асобе прэм'ер-міністр і міністр замежных спраў Ватыкана.

Паводле БелаПАН

‹‹ на галоўную | у архіў