У Глыбокім распачаўся Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў

17 чэрвеня ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці пачынаецца ІІІ Міжнародны фестываль каталіцкіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат 2008». На фэсце прадстаўлены 35 твораў з Беларусі, Польшчы, ЗША, Літвы, Харватыі, Грузіі, Швейцарыі, Італіі, Лівана.

Фестываль, які праходзіць пад патранажам Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, арганізуюць каталіцкая арганізацыя для камунікацый «SIGNIS Беларусь», незалежная студыя «Стоп кадр», рэдакцыя рэлігійна асветніцкага часопіса «Дыялог» і Віцебская дыяцэзія Беларускай рыма каталіцкай царквы. Фэст праходзіць пры ўдзеле Глыбоцкага райвыканкаму.

Сярод фільмаў, якія былі адабраныя з 60 стужак, унікальны грузінскі фільм «Шлях Хрыста», дзе эвангельскія падзеі расказваюцца праз народную чаканку, харвацкая карціна «Евангельле паводле Кловіа» пра рэнесанснага мастака, які празь мініятуры спазнаваў Бога, пранізліва рэпартажная амерыканская стужка «Нязломныя» пра людзкую салідарнасць, любоў і веру падчас урагану Катрына, медытатыўны швейцарскі фільм «Гісторыя рук».
Беларускі рэжысёр Віктар Аслюк прадставіў на фэсце сваю апошнюю стужку «Вальс» пра вясковага лекара, які дапамагае старым. А Міхаіл Жданоўскі працягнуў тэму, якую ён распачаў у 90 ыя карцінай «Дарога на Курапаты». Герой фільму «Ва ўсе дні» — мастак, які малюе абразы на камянях у народным мемарыяле.

Урачыстае адкрыццё фэсту адбудзецца 18 чэрвеня ў вёсцы Ўдзела ля помніка Максімільяну Колбэ. Асноўныя паказы пройдуць у Глыбокім. Завершыцца фестываль 21 чэрвеня.

Паводле “Нашай Нівы”

‹‹ на галоўную | у архіў