Выдадзена вялікая Анталогія беларускай
паэзіі па-польску
“Выхадам польскага выдання анталогіі беларускай паэзіі XV-XX стагоддзяў
“Не хіліў галаву перад сілай” на пэўным этапе польска-беларускіх
літаратурных адносінаў ставіцца кропка”, - лічыць адзін з укладальнікаў
выдання, віцэ-прэзідэнт польскага ПЭН-клубу Адам Паморскі.
У Беластоку прайшла прэзентацыя гэтай кнігі. У рамках прамацыйнага
туру сталіцу Падляшша наведалі беларускія літаратары Лявон Баршчэўскі,
Уладзімір Някляеў і Уладзімір Арлоў.
Прэзентацыя анталогіі беларускай паэзіі, якая прайшла ў чытальнай
залі ваяводскай бібліятэкі, сабрала некалькі дзесяткаў чалавек,
пераважна навукоўцаў і дзеячоў арганізацыяў беларускай нацыянальнай
меншасці на Падляшшы. Яна была арганізаваная Радыё Рацыя і тыднёвікам
беларусаў у Польшчы “Ніва”.
У гэтае грунтоўнае выданне ўвайшлі лепшыя вершы лепшых паэтаў,
якія былі створаныя на зямлі сучаснай Беларусі цягам пяцісот гадоў.
Вершы аўтараў, пісаныя па-беларуску, на лаціне і па-польску ў XV-
ХIX стагоддзях віцэ-прэзідэнт польскага ПЭН-клубу Адам Паморскі
прапанаваў акрэсліваць літаратурай беларускай традыцыі і супольным
набыткам абодвух народаў старой Рэчы Паспалітай – беларускага і
польскага. Галоўная ж задача гэтага выдання – азнаёміць польскага
чытача з літаратурай беларусаў, пра якую ён часам мае вельмі цьмянае
ўяўленне. Гаворыць Адам Паморскі:
- Цягам апошніх 20 гадоў выканалі мы вялікую працу ў справе вяртання
ўласцівай прапорцыі ўзаемных польска-беларускіх літаратурных адносінаў.
Не першы раз на гэтай тэрыторыі абрынаюцца імперыі, і стаіць перад
намі адное і тое ж пытанне – як гэтыя народы павінны суіснаваць
і разумець адзін аднаго.
Уклалі анталогію Лявон Баршчэўскі з беларускага боку, а з польскага
- Адам Паморскі і вялікая група перакладчыкаў. Лявон Баршчэўскі
апавёў, як рыхтаваўся гэты літаратурны праект:
- Праца пачалася даволі даўно. У маіх планах гэта было два гады
таму. А калі мінулай восенню падключыўся Адам Паморскі, то гэтая
праца набыла канчатковы кшталт.
Акрамя вялікай анталогіі, група перакладчыкаў таксама выпусцілі
да яе два дадаткі – зборнік маладых беларускіх паэтаў і тых аўтараў
,якія не ўвайші ў вялікую анталогію.
У часе прэзентацыі беларуская паэзія гучала на дзвюх мовах.
Паэт Уладзімір Някляеў лічыць, што Беларусь можа імпартаваць толькі
адзін канкурэнтназдольны прадукт – уласную культуру:
- Усё, што сёння прадукуе Беларусь, трактары МАЗы, які не зрабі
нямецкі трактар - усё адно будзе лепшы, а тэлевізар японскі. Адзінае,
чым мы можам быць цікавымі, гэта культурнымі здабыткамі.
Пісьменнік Уладзімір Арлоў мяркуе, што выхад анталогіі дапаможа
польскаму чытачу адкрыць для сябе Беларусь і яе літаратуру:
- У стасунках Беларусі і Польшчы мы маем не самы вясёлы парадокс.
Калі такія блізкія суседзі ў гісторыі і прасторы так няшмат ведаюць
адзін пра аднога. Таму гэтыя сустрэчы, гэты вялікі прамацыйны тур
ёсць сваеасаблівым прарывам у нашых літаратурных кантактах.
У Падляшскай ваяводскай бібліятэцы таксама былі прэзентаваныя
перакладзеныя на польскую кнігі Уладзіміра Арлова “Каханак яе вялікасці”
і Андрэя Хадановіча “Свята новы год”. У рамках прамацыйнага туру,
арганізаванага польскім ПЭН-клубам, прэзентацыя анталогіі беларускай
паэзіі таксама прайшла ў Варшаве. На чарзе Ольштын, Гданьск, Познань
і Уроцлаў.
Паводле “Радыё Рацыя”
|