Найпапулярныя інтэрнэт-сайты стануць недасяжныя для беларусаў

У выпадку прыняцця праекту закона аб СМІ улады змогуць блакаваць усё інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі.

Праект новага закона "Аб сродках масавай інфармацыі", які праз 5 гадоў распрацоўкі паступіў у "палату прадстаўнікоў" 10 чэрвеня, пакідае заяўна-дазвольны прынцып рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, дазваляе блакаванне ўсіх інтэрнэт-рэсурсаў, не зарэгістраваных у Беларусі ў якасці СМІ, а таксама дазваляе прыцягнуць да адказнасці любога беларуса, які без акрэдытацыі, пад сваім імём, падаў замежнаму СМІ інфармацыю, паведамляе Еўрарадыё.

У дзень паступлення ў "палату прадстаўнікоў" законапраект "Аб СМІ" быў уключаны ў парадак дня цяперашняй сесіі "ніжняй палаты" беларускага "парламента". Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) дало жорсткую адзнаку дакументу, які неўзабаве можа пачаць рэгуляваць медыя-сферу.

Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец тлумачыць, што новы закон нясе велізарную небяспеку для ўсёй інтэрнэт-прасторы - улады змогуць блакаваць усё інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі, незалежна ад іх паходжання.

"Абсалютна магчымы варыянт, калі асобныя інтэрнэт-рэсурсы, не зарэгістраваныя ў Беларусі як сродкі масавай інфармацыі, будуць проста блакавацца з той падставы, што ідзе парушэнне заканадаўства аб СМІ. І, магчыма, гэта будуць сайты з найбольшай колькасцю наведнікаў. Як вынік, гэта прывядзе да большай ананімнасці тых, хто працуе ў інтэрнэце. Бо журналістаў, якія будуць працаваць пад сваім прозвішчам у інтэрнэт-рэсурсах, зарэгістраваных у іншых даменных зонах, можна прыцягваць да адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі", - упэўнены А.Бастунец.

Па словах юрыста БАЖ Юрыя Тапарашава, цяпер, паводле новага праекту "Закона аб СМІ", груба парушаецца права кожнага беларуса на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, замацаванае Канстытуцыяй:

"Ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі забараняецца. Гэта значыць, калі ты пішаш у нейкае замежнае выданне, ты лічышся карэспандэнтам гэтага выдання, і табе забараняюць працаваць. Гэта грубае парушэнне аднаго з фундаментальных пунктаў беларускай Канстытуцыі: права грамадзяніна на атрыманне інфармацыі".

Эксперты БАЖ звярнулі ўвагу і на іншыя неспрыяльныя для развіцця свабоды слова і СМІ моманты ў законапраекце - застаецца заяўна-дазвольны прынцып рэгістрацыі СМІ; забаронена атрымліваць матэрыяльна-тэхнічную дапамогу ад прыватных асобаў і арганізацыяў з-за мяжы, калі яны не сузаснавальнікі гэтага СМІ. Апрача таго, прадугледжваюцца неабмежаваныя магчымасці для вынясення папярэджання любому СМІ і закрыцця яго з гэтай падставы.

Старшыня БАЖ Жана Літвіна выказала ўпэўненасць, што законапраект "Аб СМІ" пацвярджае жаданне ўладаў кантраляваць усё магчымыя незалежныя СМІ - як друкаваныя, так і інтэрнэт-выданні. І у гэтым яна бачыць захаванне тэндэнцыяў пагаршэння становішча СМІ і свабоды слова ў Беларусі:

"Гэтае жаданне кантраляваць нават інтэрнэт-СМІ - яшчэ адно пацверджанне, што палітыка ўладаў адносна сродкаў масавай інфармацыі, асабліва незалежных, застаецца вельмі жорсткай, паслядоўнай і асэнсаванай".

Нагадаем, распрацоўка новага закона вядзецца з 2003 года, праца над ім заўсёды вялася ў замкнёным рэжыме, што выклікала пратэсты з боку журналісцкай супольнасці. Распрацоўнікі закона прапанавалі аддаць функцыю кантролю за інтэрнэтам Савету Міністраў. "Палата прадстаўнікоў" будзе разглядаць законапраект "Аб СМІ" 17 чэрвеня.

Паводле “Хартыя-97”

‹‹ на галоўную | у архіў