У Віцебску распачаліся ХVІІІ Міжнародныя Шагалаўскія чытанні

Дзесяткі навукоўцаў і гасцей з 6-ці краінаў свету прыехалі ў Віцебск, каб прыняць удзел у чарговых Міжнародных Шагалаўскіх чытаннях, якія пачаліся 15 чэрвеня імпрэзай у гарадскім тэатры “Лялька”.

Сёлета галоўнай тэмай выступаў будзе эпоха вялікага Майстра, людзі, з якімі яго сутыкаў лёс, блізкія па духу ды ўспрыманню Сусвету сучаснікі.

Гэта адзначыў чалавек, які вельмі многа зрабіў дзеля вяртання Марка Шагала на Радзіму, у Віцебск, старшыня Шагалаўскага камітэта, лаўрэат прэміі імя геніальнага мастака і вядомы паэт Давід Сімановіч:

– Сорак чалавек прыехалі з розных краінаў, з розных гарадоў. І сёння, заўтра і паслязаўтра будуць гучаць выступы, якія не адно аналізуюць жыццё і творчасць Шагала, але і тое, што было побач, ягоных сучаснікаў, падзеі, якія адбываліся ў часы Шагала...

Дадае вядомая беларуская мастацтвазнаўца Людміла Вакар: “Вельмі прэстыжны сход, канферэнцыя. І тут прысутнічае шмат мастацтвазнаўцаў розных нацыянальных школ...”

Сярод выступаў прыцягваюць увагу такія, якЛазар Лісіцкі – не вучань Шагала”, “Шагал Анны Ахматавай”, “Іосіф Бродскі і Марк Шагал” ды іншыя.

Адметнасцю сёлетніх чытанняў ёсць падвядзенне вынікаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Марк Шагал – Марк Ротка: мастацтва без межаў”, якую Музей Марка Шагала ў Віцебску рэалізоўваў разам з Цэнтрам Марка Роткі ў Даўгаўпілсе. Пад час гэтага праекту, які фінансаваўся праз грант Еўрасаюза, былі праведзеныя шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку і дзіцячы мастацка-харэаграфічны плэнэр, у якім прынялі ўдзел падлеткі з некалькіх краінаў Еўропы.

Дарэчы, нашыя суседзі з латышскага Даўгаўпілсу шмат чаму навучыліся ў віцеблянаў, ствараючы Цэнтр Марка Роткі – іхнага земляка, выбітнага амерыканскага мастака, чые творы зараз карыстаюцца вялікім попытам. Напрыклад, на аўкцыёнах Сотбі карціна “Прысвячаецца Маціссу” была прададзеная за 36 млн. долараў, а “Белы цэнтр” – у два разы даражэй.

Напрыканцы чытанняў адбудзецца прэзентацыя выставы “Авангард у Латвіі”, якую з дапамогай латвійскай амбасады і консульства ў Віцебску падрыхтавалі Нацыянальныя музей і бібліятэка гэтай краіны.

Паводле “Радыё Рацыя”

‹‹ на галоўную | у архіў