Нядзельная школка ў
Нью-Ёрку: рэальная і віртуальная
Ці праўда, што беларуская
нядзельная школа за мяжой ужо не цікавая сучасным дзецям і іх бацькам?
А як наконт віртуальнай
нядзельнай школкі – дарэчы, першай у гісторыі беларускага замежжа? І, пакуль яна
ствараецца маладымі амэрыканскімі беларусамі, новае жыцьцё ўжо пачала нядзельная
школка ў Нью-Ёрку для беларусаў розных канфэсіяў.
Пра сучасную нядзельную
беларускую школу – віртуальную і рэальную – у перадачы распавядаюць дзеці і іх
бацькі.
Пяцігадовая Паўлінка
Падлеская жыве ў Нью-Ёрку. У Амэрыцы яна нарадзілася. Яе бацькі – беларусы, і
беларускіх песенак і вершыкаў Паўлінка ведае столькі, што хапіла б не на адну
перадачу. Паўлінка расказвае беларускія вершы пра вясковыя хатнія каўбаскі, пра
разумнага Антосіка, пра цяцерку, якая ў вазёрным люстэрку пабачыла
сястрыцу...
У свае пяць гадоў Паўлінка сапраўды шмат што ўмее
– яна ўжо пачала вучыцца, і яна чытае і па-ангельску, і па-беларуску.
“Мне
падабаецца”
“Я сама ўмею чытаць. У нас
ёсьць шмат кніжак, і мы ў бібліятэцы шмат ўзяўшы. Мяне мама вучыла літарам, калі
я была маленькая. Пасьля я пачала складаць словы па маленькіх складах, пасьля –
па вялікіх, так і навучылася”, – распавядае Паўлінка.
Паўлінка мае малодшага
браціка Данілу – яму 2 гады з паловай, ён таксама сьпявае і ведае беларускія
вершы. Разам з іншымі дзеткамі зь Нью-Ёрку Паўлінка і Даніла наведваюць
беларускую нядзельную школку ў Брукліне.
“Мне падабаецца, што там мы
малюем, упрыгожваем, наклееваем. Я на Дзень Мамы намалявала кветачку і сабачку,
прыязджайце паглядзець, як прыгожа!”
Паўлінка і Даніла ў
нядзельную школку езьдзяць, вядома, не адны – іх прывозяць бацькі. І ня толькі
прывозяць. Галіна і Андрусь Падлескія самі шмат робяць для таго, каб дзеці і
бацькі мелі такую нядзельную школку, якая падабалася б ім самім і іх
дзецям.
Яны пачалі ствараць
віртуальную беларускую нядзельную школку. Сайт “Дзяцінства” зь
беларускімі песнямі і дыяфільмамі, якім займаецца найбольш Андрусь, ужо існуе. А
рэальная беларуская нядзельная школа, якой найбольш апякуецца Галіна, пачала
свае заняткі ў Нью-Ёрку, у Брукліне, ад 2 сакавіка сёлета.
“Гэтая ідэя ўжо круцілася
цягам гадоў у паветры. Цягам пяці гадоў, то ўжо дакладна, – кажа Галіна, якая
выкладае цяпер ў гэтай школцы. – Усе гаварылі пра тое, што патрэбная школка, што
ёсьць шмат маладых беларусаў, маладыя сем'і зь дзецьмі. Пра гэта
гаварылі-гаварылі, усе казалі пра тое, што трэба пачаць – і ніяк не пачыналі.
Вось, урэшце рэштаў, сабраліся”.
Пачалі самі
бацькі
Так што школка ствараецца
тымі, хто адчувае ў ёй патрэбу. І выкладаюць самі бацькі.
Галіна распавяла, што цяпер
далучаецца яшчэ адна маладая мама з двума дзеткамі, Ганна Сурмач, яна будзе
выкладауь скокі – танцы. Усё іншае выкладае Галіна Падлеская. Даводзіцца,
вядома, рыхтавацца да заняткаў – каб было цікава ўсім, а прыходзяць дзеткі
рознага узросту, пачынаючы ад двух гадоў: “Падрыхтоўка займае даволі шмат часу.
Хочацца зрабіць для дзяцей і размалёўкі, падрыхтаваць розныя вырабы, якія можна
рабіць разам, пашукаць сьпевы, і сам урок прадумаць: што расказваць, малюнкі
якія паказаць. Добра, што ў Амэрыцы бібліятэкі выдатныя: вялікі выбар кніг, і на
кожны занятак, па кожнай тэме біблійнай, можна знайсьці кніжку з прыгожымі
малюнкамі. Прадумваю пытаньні, шукаю гульні”.
Дзе і як шукаюцца
беларускамоўныя матэр'ялы?
“Карыстаюся
англамоўнымі матэр'яламі, якія ёсьць, – кажа Галіна. – Калі я паказваю малюнкі з
ангельскай кніжкі, я папросту ўсё расказваю па-беларуску. Ад таго часу, як у нас
нарадзілася Паўлінка, я навучылася вельмі добра і хутка ўсё паралельна
перакладаць.
Ідзеш у бібліятэку,
набіраеш прыгожых кніжак з малюнкамі і паралельна ёй усё па-беларуску
расказваеш. Так што для мяне гэта ня вельмі вялікая праблема. Мульцікаў, гульняў
кампутарных, вядома, не стае, – але гэтым жа ў школе не займаемся”.
Не хапае дзіцячых
песенек
“Вось што мяне вельмі
хвалюе, так гэта праблема сьпеваў дзіцячых па-беларуску – сапраўды іх не хапае,
– кажа Галіна. – Я спрабую песенькі зараз шукаць усюды, але я знайшла можа
адзін-два дзесяткі, і толькі. Я не вядаю, дзе іх шукаць. Здаецца, на Радыё Рацыя
існуе неблагая дзіцячая праграма, недзе на паўгадзіны, і там часам у іх таксама
гучаць сьпевы – беластоцкія дзеткі вельмі добра сьпяваюць. Можа, яны маглі б
падзяліцца нотамі, тэкстамі, – ці знайсьці тых, хто мог бы дапамагчы. Я спрабую
зараз зь імі праз электронную пошту скантактавацца, можа, мне
адкажуць”.
Грашовыя праблемы не
істотныя
Ці паўстаюць фінансавыя
праблемы ў працы школкі? Я папрасіла Галіну падзяліцца сакрэтам, як вырашаюцца
фінансавыя праблемы – але высьветлілася, што іх папросту
няма.
“Вы ведаеце, увогуле нешта іх і няма, гэтых фінансавых
праблемаў, – кажа Галіна. – Царква (Сабор Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, у
Брукліне) з нас за памяшканьне нічога ня бярэ, гэтая школка пры царкве. Што
яшчэ? Алоўкі там, крэйды, кніжкі... Ну, кніжкі ў мяне беларускія ёсьць свае, я
прыношу, каб пачытаць казкі, напрыклад. Што-нішто можна ўзяць у
бібліятэцы.
Калі і бываюць нейкія
выдаткі, то ня вельмі вялікія – колькі там папера ды алоўкі каштуюць... Прычым,
некаторыя беларусы з тых ранейшых хваляў эміграцыі таксама заўсёды прапаноўваюць
дапамагчы, так што фінансавых праблемаў у нас абсалютна ніякіх
няма.
Людзі вельмі самаахвярныя. Самае галоўнае, што патрэбна
для нядзельнай школкі – гэта знайсьці пару сем'яў самадданых, каторыя гэтым
займаюцца, а астатнія праблемы не такія і складаныя, іх можна
вырашыць”.
Галіна не згадала пра
тое, што, сапраўды, напэўна, і так выглядае цалкам натуральна, – дабрачынную
працу. Выкладчыкі за сваю працу заробкаў, вядома, не атрымліваюць, і ня дзеля
заробкаў гэтым займаюцца. Людзі папросту робяць тое, што ім цікава, тое, што
патрэбна ім самім і іх дзецям.
“Вядома, мне вельмі
падабаецца гэтым займацца...Так, гэта ахвярнасьць, але мне сапраўды падабаецца
тое, што я раблю, – сьмяецца Галіна. Яна вырашыла не працаваць, каб быць разам
са сваімі дзецьмі, пакуль яны падрастуць. – Спачатку ў нас была няня, але я
адчула, што губляю нешта надзвычай важнае, калі я чула, што нехта іншы
распавядае пра тое, што ўпершыню сказала ці зрабіла мая маленькая
дачка”.
Нядзельная школка –
гэта сучасна
Вядома, беларускай мове
можна навучыць і ў сям'і, але на занятках дзеці вучацца, гуляюць, размаўляюць
разам з іншымі беларускамоўнымі сябрамі, і ў гэтым – вялікая каштоўнасьць
школкі.
Камунікацыі, асяродзьдзе,
супольныя справы і заняткі – гэта неабходны складнік сучаснага выхаваньня
дзяцей, і навучаньне роднай мове і культуры толькі ў сям'і ня можа замяніць
цалкам тое, што даюць дзецям сустрэчы зь сябрамі-аднагодкамі.
Нядзельная школка дае
магчымасьць засвоіць з самага раньняга ўзросту: беларуская мова – ня толькі
хатняя і кніжная мова, але і мова, на якой можна размаўляць з самымі рознымі
людзьмі з шырокага сьвету.
“Заняткі ўключаюць гісторыю
зь дзіцячай Бібліі, сьпевы, маляваньне, выцінанку альбо які іншы мастацкі
выраб”, – гаворыцца ў артыкуле пра школку ў газэце “Беларус”.
На першым занятку было 8
дзетак дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Першая тэма – стварэньне
сьвету. Дзеці сьпявалі, слухалі адпаведную гісторыю з дзіцячай Бібліі, малявалі,
паглядзелі і паслухалі пару цікавых кніжак з малюнкамі і разам зрабілі з паперы
і аднаразовых талерак сапраўдны мастацкі твор – краба-скрыпача.
Цяпер дадаюцца і танцы, і
мультфільмы-дыяфільмы, а заняткі адбываюцца двойчы на месяц па нядзелях, падчас
набажэнства, з 10 да 12 гадзінаў. Бацькі могуць падчас заняткаў пайсьці на
набажэнства, калі жадаюць, але школка стваралася ня толькі дзеля гэтага. Яшчэ
адна рыса сучаснай беларускай нядзельнай школы – яна адкрытая для дзяцей з
сем'яў розных хрысьціянскіх канфэсыяў.
Яна – праваслаўная, ён –
каталік
Нядзельную школу ў залі
беларускага праваслаўнага сабору наведваюць дзеткі і са зьмяшаных
руска-беларускіх сем'яў, і зь сем'яў, дзе бацькі належаць да розных канфэсіяў, –
як да прыкладу зь сям'і Алены і Пётры Рыжых. Яны маюць двое дзяцей –
трохгадовага Янку і Алеську, якой паўтары году. У гэтую нядзелю, калі былі
чарговыя заняткі ў школцы, я пагаварыла зь іх мамай – Аленай. Яна –
праваслаўная, яе муж Пётра – каталік.
Пытаюся, ці ня было
праблемай тое, што нядзельная школа – у праваслаўным
саборы?
“Не, гэта не праблема зусім, мы нават пра гэта і ня
гаварылі, – кажа Алена. – Ідэя была – хадзіць у школку, вучыць дзяцей, каб яны
сустракаліся з іншымі дзеткамі-беларусамі.
У школе мы трохі
вывучаем Біблію, трохі альфабэт, песьні розныя. Мы нават не тлумачым дзеткам, да
якой яны належаць канфэсіі. Мы вывучаем Біблію. Мы ж усе – хрысьціяне. У нас
ніколі і гаворкі пра гэта ня было, – так выйшла і ўсё. Каб была такая школка ў
каталіцкай царкве, мы б туды пайшлі. Ня мае ніякай розьніцы для нас. У сям'і мы
шануем рэлігію адно аднаго, і нашыя дзеткі належаць да хрысьціянаў – як і
мы.
Нашыя дзеці пачынаюць
размаўляць на 5 мовах – яны ведаюць польскую і расейскую, ангельскую, а таксама
гішпанскую – ад няні, але з намі яны звычайна гавораць па-беларуску. Вельмі
важна, што ў школцы яны сустракаюцца зь іншымі беларускамоўнымі
дзеткамі.
У такой школцы даўно ўжо было патрэба, а для нас
гэта проста цудоўна, што яна адкрылася. Дзеткі маленькія, ім там цікава, і мы
вельмі ўдзячныя за гэтую школку”.
“Тут нас канфэсіі не
падзяляюць, – кажа Галіна Падлеская. – Далікатныя моманты што да розных
канфэсыяў і не закранаюцца на занятках з маленькімі дзеткамі – і патрэбы такой
няма. Мы вывучаем біблійныя гісторыі, Біблія для ўсіх адна. Сьпяваем песьні,
гімны. Дарэчы, у Амэрыцы ў розных цэрквах можна пачуць адныя і тыя ж гімны, і ў
пратэстанцкіх, і ў каталіцкіх храмах... Сьпевы, гімны – унівэрсальныя для ўсіх
хрысьціянаў”.
“Чытай Біблію, маліся
штодня,
Чытай Біблію, маліся штодня,
Чытай Біблію, маліся
штодня,
І расьці, сталей!”, – сьпявае
Паўлінка.
Дзеці ў школцы сьпяваюць ня толькі хрысьціянскія,
але й самыя розныя дзіцячыя песенкі – і пра аўтобус, колы якага круцяцца, і ў
якім столькі ўсяго адбываецца, і пра сьвет, які “ўрэшце рэшт такі малы”...
Тэксты і мэлёдыі гэтых песенак ёсьць на сайце, на якім неўзабаве зьявіцца
віртуальная школа.
Дзіцячы сайт
“Зараз мы абмяркоўваем
ідэю пасьля кожных заняткаў разьмяшчаць тэксты ўрокаў з малюнкамі, пытаньнямі,
тэкстамі сьпеваў і музыкай на сеціве, – кажа Галіна Падлеская. – Наколькі мы
ведаем, у інтэрнэце яшчэ не існуе такой беларускай нядзельнай школкі, ды і ў
самой Беларусі ня так шмат беларускамоўных нядзельных школак. Лічым, што ў
цяперашніх умовах гэта будзе вельмі актуальна і карысна. Гэта дапаможа
беларускамоўным бацькам у выхаваньні сваіх дзетак па ўсім сьвеце”.
Беларуская нядзельная школа
працуе ў рэальнай прасторы. Разам з тым Галіна і Андрусь Падлескія займаюцца
інтэрнэт-сайтам з дыяфільмамі, мультфільмамі і песьнямі для малых
па-беларуску.“Дзяцінства: сеціўная мясьціна для
дзетак-беларусаў” --
гэты сайт і распачынае праект першай віртуальнай беларускай нядзельнай школкі.
Галіна падала ідэю і робіць пераклады, але, як яна кажа, Андрусь займаецца гэтым
найбольш.
“Ведаеце, нам даводзіцца
ствараць зараз віртуальную Беларусь, фактычна, – кажа Андрусь Падлескі, які
вымушаны быў пакінуць радзіму, ратуючыся ад палітычнага перасьледу. – Бо тая
Беларусь, якая цяпер існуе, пры тым антыбеларускім і прамаскоўскім рэжыме ў
самой Рэспубліцы Беларусь – гэта не тая Беларусь, якую мы бачым у сваіх
марах.
Так што, калі там
нічога не атрымліваецца пакуль што, будзе іншая Беларусь – віртуальная. Яна ўжо
існуе і, думаю, яна будзе толькі ўзмацняцца на гэтай непадуладнай таму рэжыму
тэрыторыі”.
“Бачу
плён”
І на гэтай непадуладнай
рэжыму тэрыторыі Андрусь працуе для сваіх і іншых беларускіх дзяцей. Апрача
таго, Андрусь мае і вучыцца, і працаваць, – ён адзіны ў сям'і працуе. Цікава, як
знаходзіцца час для дабрачыннай працы ў сеціве?
“Спраўляюся неяк...
Калі мэта ёсьць у жыцьці, можна даць рады. Ёсьць такая высакародная ідэя, і калі
ёй жывеш, то час на гэта заўсёды знойдзецца. Хочацца гэта рабіць. Бачу плён і
для сваіх дзяцей. Пачалося ж гэта як праца для сваіх дзяцей, для Паўлінкі і
Данілкі. Шмат матэрыялаў назапасілася, захацелася даць магчымасьць і іншым
бацькам гэтым пакарыстацца.
Час – не праблема.
Вядома, хацелася б крыху больш часу мець – каб было больш часу, то хутчэй бы
рабіліся і аднаўленьні. Пляны вялікія. Ужо ў нас на сайце больш за 20 дыяфільмаў
ёсьць, і недзе тры новых яшчэ ў распрацоўцы. І пляны, прынамсі, на дзясятак
наперад яшчэ ёсьць. Так што, будзем працаваць”.
Дапамога
Так, можа быць, варта зьвярнуцца з
заклікам пра дапамогу?
“Ня думаю, што нам
нейкая асаблівая дапамога патрэбная. Кожны дзень па гадзінцы пасядзіш, і новы
матэр'ял за тыдзень атрымліваецца. Так што неблагое аднаўленьне ідзе. Толькі
хацеў бы выказаць падзяку за тую дапамогу, якую мы ўжо атрымалі, вельмі значную,
– вялікі дзякуй “Згуртаваньню беларускай моладзі ў
Амэрыцы”, асабіста спадару
Алесю Вінакураву, – за рэгістрацыю нашай вэб-адрэсы, і таксама хостынг бясплатны
нам даюць. Так што, мы тут маем людзей, каторыя нам дапамагаюць.
А наконт матэрыялаў –
нешта мы самі робім, а калі хто мае ідэі, прапановы, матэрыялы, мы вельмі
адкрытыя да супрацоўніцтва, будзем рады усім, хто напіша ці патэлефануе
нам”.
На сайце будуць выкладацца пасьля кожных заняткаў
тэксты ўрокаў з малюнкамі, пытаньнямі, песьнямі. Таму Галіна яшчэ нагадала –
просьба адгукнуцца тым, хто можа дапамагчы ў пошуках беларускіх дзіцячых
песенак, – і ёсьць прозьба і да беларускіх
мастакоў:
“Ведаеце, так добра было б, каб мастакі знайшліся,
якія маюць ахвоту малюнкі зрабіць для заняткаў. Бо без малюнкаў такія урокі
зрабіць і выставіць – нескладана, але ж без малюнкаў дзецям не
цікава!
Пачынаеш шукаць малюнкі
– усё ў інтэрнэце абаронена аўтарскімі правамі. Тое, што абаронена аўтарскімі
правамі, ня хочацца чапаць, не прыгожа ж так рабіць.
Будзем вельмі рады,
калі хто зацікавіцца і вырашыць дапамгчы малюнкамі!
А для школы – найлепшая
дапамога – гэта паведаміць усім сваім знаёмым, якія жывуць у Нью-Ёрку, ці ў
Нью-Джэрзі, ці ў Канэктыкуце, каму гэта можа быць цікава, каб яны прыяжджалі і
прывозілі сваіх дзяцей. Будзем усім рады!”
Заняткі беларускай
нядзельнай школы адбываюцца ў царкоўна-грамадзкай залі катэдральнага сабору сьв.
Кірылы Тураўскага (401 Atlantic Avenue, Brooklyn, NY 11217) двойчы ў месяц,
больш падрабязная інфармацыя і расклад, а Галіне і Андрусю Падлескім можна напісаць на
адрас galinapodles@hotmail.com. Пісаць аўтару перадачы можна на адрас pokladt @
yahoo.co.uk.
Паводле “Радыё
Свабода”
|