Кангрэс ECPM у
Бруселі
11 чэрвеня 2008 году ў
сталіцы Бельгіі праходзіў чарговы штогадовы Кангрэс ECPM (Еўрапейскага
Хрысціянскага Палітычнага Руху). Еўрапейскі Хрысціянскі Палітычны Рух паўстаў ва
ўмовах паступовага адыходу значнае часткі палітычных сілаў
хрысціянска-дэмакратычнага накірунку ў Еўропе ад хрысціянскіх прынцыпаў.
У паседжанні Кангрэсу бралі
ўдзел прадстаўнікі дзвюх беларускіх палітычных арганізацыяў. Партыя Беларускае
Хрысціянскае Дэмакратыі ў 2007 годзе была прынятая ў склад ECPM. На Кангрэс была
таксама запрошаная дэлегацыя Моладзевага Руху Беларускага Народнага Фронту
«Маладое Адраджэнне», які прадстаўлялі яго старшыня Раман Кавальчук і
каардынатар у Заходняй Еўропе Ігар Піменаў які ёсць адказны за працу маладзёвай
суполкі Беларуска – Еўрапейскага Задзіночання ў Бельгіі.
Асноўнай тэмай, якая
абмяркоўвалася падчас Кангрэсу, быў тэкст праекту новых правілаў рэгулявання
Еўразвязу – Лісабонскага трактату, які быў распрацаваны на падставе папярэдняга
праекту Канстытуцыі Еўразвязу, адхіленага па выніках нацыянальных рэферэндумаў у
Францыі і Нідэрландах.
Перад удзельнікамі Кангрэсу
выступіў Др. Сандэр Люйтвілер з нідэрландскага Універсітэту Эразмус у Ротэрдаму
на тэму будучыні хрысціянскай палітыкі і яе месца ў новым закладальным дакументу
Еўразвязу. Да ўвагі дэлегатаў былі прэзентаваныя даклад пра ролю хрысціянаў на
палітычнай сцэне і прапановы прыарытэтаў для сямейнай палітыкі з
хрысціянска-сацыяльнай перспектывы.
На канферэнцыі таксама
выступаў бельгійскі прафесар Эміле Ванбэкевоорт з Інстытуту Міжнародных
Бізнэсовых Стасункаў пры Універсітэту Штайнбайс у Берліне. Ён тлумачыў сутнасць
перавагі сучасных тэхналогіяў у палітычнай канкурэнцыі і звярнуўся да дэлегатаў
Кангрэсу з парадай улічыць новыя метады прыцягнення прыхільнікаў хрысціянскіх
каштоўнасцяў да палітычнай актыўнасці дзеля абароны і пашырэння сваіх правоў.
Напярэдадні выбараў у
Еўрапарламент, якія маюць адбыцца ў 2009 годзе, вельмі важна асэнсаваць
адказнасць Еўрапейскага Хрысціянскага Палітычнага Руху за ажыццяўленне прынцыпаў
хрысціянскай палітыкі ва ўмовах яе маргіналізацыі ў дзеяннях вялікіх і ўплывовых
палітычных партыяў, якія носяць назву хрысціянска-дэмакратычных, але абапіраюцца
ў сваёй палітыцы ў бальшыні выключна на прынцыпы вольнага рынку і сэкулярнага
ліберальнага разумення правоў чалавека. У звязку з гэтым, быў абмеркаваны і
зацверджаны дэлегатамі Кангрэсу праект палітычнае платформы ECPM пад назвай
«Хрысціянска-дэмакратычны голас у Еўрапейскім Звязе».
Паводле БЭС
|