Выйшаў дыск «Музыка Беларусі ХІХ стагоддзя»

У складанку ўвайшлі творы Міхала Клеафаса Агінскага, Напалеона Орды, Антонія Радзівіла ды іншых.

Складанку музычных твораў у серыі «Культура Беларусі. Лепшыя старонкі» «Музыка Беларусі ХІХ стагоддзя» падрыхтаваў Дзяржаўны музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь пры садзейнічанні Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У складанцы прадстаўленыя творы Антона Абрамовіча, Міхала Клеафаса Агінскага, Канстанціна Горскага, Караля, Аляксандра і Міхаіла Ельскіх, Восіпа Казлоўскага, Мечыслава Карловіча, Станіслава Манюшкі, Камілі Марцінкевіч, Напалеона Орды (яго малюнак упрыгожвае вокладку выдання), Антонія Радзівіла і Канстанціна Тызэнгаўза. Да ўласна плытак (а іх дзве), прыкладаецца кніжыца-вокладка, у якой размешчаныя кароткія біяграфіі кампазытараў і іх партрэты.

Прадмову да выдання падрыхтавала доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава. Прадусарамі выдання выступілі Ўладзімер Азёма, Уладзімер Пучынскі і Юры Цыбін.

Набыць «Музыку Беларусі ХІХ стагоддзя» можна ў прыватных распаўсюднікаў.

Паводле “Нашай Нівы”

‹‹ на галоўную | у архіў