Вечарына ў Празе
Увечары 4 траўня ў праскай кавярні «Сіці»
прайшла вечарына памяці беларускага паэта Анатоля Сыса (1959-2005),
прымеркаваная да трэціх угодкаў ягонай смерці. Яе ініцыятарам ды арганізатарам
стаў грамадзянін Беларусі і жыхар чэскай сталіцы Аўген Сідорык. Сабралася з
некалькі дзясяткаў асобаў узростам ад двух да сямідзесяці гадоў.
Сваімі ўспамінамі пра паэта дзяліліся
журналісты “Радыё Свабода” Сяргей Шупа і Сяргей Абламейка, бард Андрэй
Мельнікаў, а таксама людзі, якім даводзілася бачыць выступы Анатоля Сыса,
назіраць яго ў публічным жыцці. Гучалі вершы і песні, жывы голас паэта, захаваны
гуказапісам.
Імпрэза прыцягнула ўвагу ня толькі
беларусаў. І, адпаведна, былі пытанні пра асобу паэта і адказы на іх, якія
прыўнеслі ў шанаванне памяці разынку асветніцтва. Межы размовы часам пашыраліся
да расповеду пра Беларусь, як краіну, і яе літаратурную гісторыю.
Лепшым чытальнікам вершаў Анатоля
Сыса быў прызнаны Віталь Цімошчанка. За што атрымаў у якасці прыза “Лён” —
зборнік выбраных твораў паэта, выдадзены “Кнігазборам” у 2006-м
годзе.
Паводле газеты “Беларус” (чэрвень,
2008)
|