«Іслач» пайшла з малатка за тры
мільёны даляраў
10 чэрвеня ў Мінску прайшоў аўкцыён па
продажу санаторыя-прафілакторыя пісьменнікаў «Іслач», што ля Ракава.
Продаж «Іслачы», вядомай як Дом творчасці
пісьменнікаў — частка ліквідацыйнага працэсу ГА «Беллітфонд», спадкаемцы
літфонду СССР, найстарэйшага літаратурнага фонду ў краіне. У мінулым годзе ў
Беларускага саюзу пісьменнікаў быў забраны Дом літаратара.
Дом творчасці пісьменнікаў пайшоў за
6.600.000 000 рублёў. Уся працэдура заняла ня больш за 5 хвілінаў. З трох
патэнцыйных пакупнікоў, дапушчаных да ўдзелу ў аўкцыёне (пачаткова заявак да
ўдзелу было 7), «Іслач» набыў прадстаўнік ТАА «Белінтэхбуд».
Гэткім чынам, ТАА «Белінтэхбуд» набыла
трохпавярховую «Іслач» адзіным лотам — разам з гаспадарчымі пабудовамі, дарожным
пакрыццём, помпавай станцыяй… Пакупніку дастаецца 26.7 гэктараў
зямлі.
На аўкцыёне прысутнічалі вядомыя
літаратары — Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Язэп
Янушкевіч, Вячаслаў Дубінка, Васіль Якавенка.
Дамова на продаж мае быць падпісаная не
пазней за 12 чэрвеня. Грошы ад продажу маюць быць пералічаныя ліквідацыйнай
камісіі ГА «Беллітфонд», якая і вырашыць іх далейшы лёс. Колькі з той сумы
дастанецца пісьменнікам, пакуль невядома.
Паводле “Наша Нівы”
|