Састарэлая апазіцыя

Сярэдні ўзрост кіраўніцтва ўсіх партый, акрамя Партыі БНФ, перавышае 50 гадоў.

Справаздачныя з’езды найбуйнейшых апазіцыйных партыяў Беларусі (АГП і БНФ) у гэтым і мінулым годзе, а яшчэ раней — падзеі 2006 г. і стварэнне руху «За Свабоду», зноў паставілі ў цэнтар увагі пытанне пра канфлікт пакаленняў унутры беларускай апазіцыі. Канфлікт гэты, на думку некаторых аналітыкаў, выяўляецца ў імкненні больш маладога пакалення ў складзе палітычных партыяў уплываць на партыйныя рашэнні і прадстаўляць свае інтарэсы ў кіраўнічых органах партыяў, што натыкаецца на супрацьстаянне старэйшай, больш кансерватыўнай, генерацыі палітыкаў.

Для таго, каб даказаць існаванне канфлікту пакаленняў у беларускай апазіцыі, неабходна спачатку даведацца, ці ёсць выразны разрыў паміж пакаленнямі ў апазіцыі. У гэтых мэтах было праведзена невялікае даследаванне ўзроставага складу найбольш буйных і ўплывовых апазіцыйных партый — Беларускага Народнага Фронту, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў беларускай. Вось некаторыя вынікі гэтага даследавання.

Сярэдні ўзрост кіраўніцтва палітычных партыяў

Сярэдні ўзрост кіраўніцтва (старшыня, намеснікі, кіраўнікі абласных структур):
ПБНФ — 40,7, АГП – 50,3, ПКБ — 56,8

Сярэдні ўзрост сябраў кіраўнічага органу (Сойм, Палітрада, або ЦК):
ПБНФ — 44,7, АГП — 50,4, ПКБ -- 54

Як паказваюць пададзеныя звесткі, сярэдні ўзрост партыйнай эліты дастаткова салідны, і ён павялічваецца пры пераходзе ад правага краю палітычнага спектра да левага (у гэтую схему добра ўпісваецца і партыя БСДП(Г), сярэдні ўзрост кіраўніцтва якой складае 53,3 гады). Апошняе можа сведчыць як пра непапулярнасць сярод моладзі левай ідэалогіі, гэтак і пра большую ўнутрыпартыйную дэмакратыю правацэнтрысцкіх партыяў.

Ва ўсіх разгляданых партыях дастаткова нязначную праслойку складаюць сябры партыяў векам ад 35 да 45 год. Гэта можа быць сведчаннем адсутнасці пераемнасці ў партыйнай традыцыі праз вымыванне вельмі важнай узроставай катэгорыі, якая складаецца з найбольш самастойных, прафесійных і мэтанакіраваных людзей, на піку сваіх творчых магчымасцяў. З тых або іншых прычынаў партыйная моладзь, прайшоўшы «курс» сацыялізацыі ўнутры партыі і дасягнуўшы пэўных пасадаў, пакідае палітычную дзейнасць для таго, каб рэалізавацца ў іншых сферах жыцця. Такая сітуацыя назіраецца практычна ва ўсіх апазіцыйных палітычных партыях Беларусі.

Такім чынам, можна канстатаваць наяўнасць разрыву пакаленняў унутры беларускай апазіцыі. Асабліва гэты тэзіс справядлівы для Партыі камуністаў беларускай, дзе больш за 80% палітычнай эліты складаюць людзі старэйшыя за 45 год. Прычыны разрыву пакаленняў могуць быць самыя розныя: адсутнасьць бачных перспэктываў прыходу да ўлады ў краіне, немагчымасьць рэалізаваць сябе ўнутры партыі (у тым ліку і дзеля канфлікту пакаленняў), змена жыццёвых прыарытэтаў, боязь рэпрэсіяў, адсутнасць эфектыўнай моладзевай палітыкі на больш раннім этапе развіцця партыі, што, у сваю чаргу, прывяло да зніжэння колькасці сяброў партыі сярэдняга веку і інш.

Разам з тым, разрыў пакаленняў не заўжды павінен прыводзіць да канфлікту пакаленняў. Хутчэй, да яго можа прывесці такая канфігурацыя ўнутры партыі, калі старэйшае і маладзейшае пакаленні маюць сувымерны колькасны склад і ўплыў унутры партыі і пры гэтым партыйная моладзь мае непрапарцыйнае прадстаўніцтва ў кіраўнічых органах палітычнай партыі. Канфлікт можа назірацца таксама пры наяўнасьці сур’ёзных супярэчнасцяў у праграмах развіцця партыі, прадстаўленых рознымі пакаленнямі ўнутры партыі. У выпадку разгляданых партыяў мы такой канфігурацыі не назіраем.

Маладое пакаленне прадстаўлена ў кіраўнічых органах апазіцыйных партыяў больш-менш прапарцыйна (што, аднак, не дае поўнага ўяўлення пра ступень яго ўплыву на прыняцце ключавых рашэнняў — гэта прадмет для больш шырокага і дэталёвага даследавання), не існуе кардынальнага разыходжання ў бачанні партыйнай стратэгіі і развіцця краіны. Да таго ж, маладзейшае пакаленне партыйнай эліты прайшло сацыялізацыю ўнутры ўласнае партыі, што не дае падставаў чакаць ад яго кардынальна інакшых спосабаў вядзення палітычнай барацьбы і рэалізацыі партыйных задачаў.

Тую незадаволенасць партыйным кіраўніцтвам, якая была артыкуляваная, у прыватнасці, падчас апошніх справаздачна-выбарчых з’ездаў Партыі БНФ і АГП, варта, хутчэй за ўсё, аднесці не да праяваў канфлікту пакаленняў унутры гэтых партыяў, а да барацьбы разнастайных унутрыпартыйных груповак і асоб пры агульнай незадаволенасці партыйнымі лідэрамі, якія не змяняліся ўжо на працягу многіх гадоў.

Сапраўдны ж канфлікт пакаленняў выявіўся падчас падзеяў вясны 2006 г., і ў прыватнасці падчас «Плошчы», калі пад уплывам электаральнай мабілізацыі і жорсткіх дзеянняў улады адносна мірных дэманстрантаў пачалі ўтварацца групы супраціву, якія вельмі жорстка дыстанцыявалі сябе ад традыцыйнай партыйнай апазіцыі, якая, на іх думку, адказная за шматлікія правалы і паразы і ня здольная да сапраўднага супраціву. Прадстаўнікі гэтай новай хвалі супраціву акурат і ўяўлялі з сябе зусім новую генерацыю несістэмнай апазіцыі, якая не пагаджалася са стратэгіяй апазіцыйных партыяў, з прынцыпамі іх дзейнасці, не была носбітам «партыйнай культуры» і мела адрознае бачанне сітуацыі . Гэтае пакаленне ўяўляла відавочную пагрозу для традыцыйнай партыйнай апазіцыі, і таму гэты велізарны патэнцыял моладзевай актыўнасці ня быў ніякім чынам выкарыстаны апазіцыйнымі партыямі і, пазней, сышоў на нішто. Але ў выпадку рэалізацыі іншай стратэгіі, згодна з якой арганізацыйная матрыца «старых» партыяў наклалася б на хвалю несістэмнага і спантаннага моладзевага супраціву, дэмакратычныя сілы маглі б атрымаць нашмат больш магутны і актыўны рух, чым пазней утвораны Рух «За Свабоду».

Такім чынам, вынікі дасьледаваньня дазваляюць зрабіць выснову пра наяўнасьць разрыву пакаленьняў у беларускай сыстэмнай апазыцыі, які на сёньняшні дзень, аднак, не прыводзіць да канфлікту пакаленьняў.

Паводле “Наша Нівы”

‹‹ на галоўную | у архіў