Пяць гадоў Беларускай Царкве ў
Бельгіі
Адзіная ў шэнгенскай Еўропе Беларуская
Царква адзначыла сваю пятую гадавіну. У 2002 годзе ў адказ на рэальную патрэбу і
просьбу вернікаў была заснаваная Супольнасць у гонар Св. Мучаніка Язафата
Полацкага, якая і стала падмуркам будучай парафіі. 1 чэрвеня 2003 году пры
ўдзеле вялікай колькасці беларусаў замежжа была адпраўлена першая Боская
Літургія. Пад скляпеннем прыгожага храму Св. Сэрца Ісуса Хрыста, які стаўся
сапраўдным прытулкам для тых, хто верыць у Бога і шануе сваю Беларушчыну і
Айчыну, загучала хвала Богу ў роднай беларускай мове.
Пяцігоддзе парафіі, 1 чэрвеня 2008 году,
прыйшлося як раз на Фэст Св. Сэрца Хрыста, таму урачыстасць згуртавала вакол
сябе ня толькі беларусаў, але і фламандцаў і вернікаў англа-афрыканскай
супольнасці. З нагоды агульнага свята была адпраўлена супольная Святая Імша ў
лацінскім абрадзе, але пад цудоўныя літургічныя спевы візантыйскага абраду, якія
выканаў грэка-каталіцкі хор “Анёльскі Сабор”. У часе Імшы веруючы люд усклаў да
алтару Міласэрнага Збавіцеля багатую колькасць кветак – знак любові і ўдзячнасці
за ўсе дабрадзействы. Вернікі іншых супольнасцяў выказалі свае віншаванні і
пажадалі Беларускай Царкве росквіту і далейшага сведчання аб Адзінстве Царквы
Хрыстовай ў размаітасці літургічных і нацыянальных
традыцый.
Пасля Набажэнства адбыўся супольны
пачастунак, які прыгатавалі беларускія ахвярныя вернікі.
Паводле БЭЗ-інфо
|