У Беларусі прынята канчатковае рашэнне
аб пераходзе на 11-гадовую школу
Такiя вынiкi нарады ў Прэзiдэнта краiны
Аляксандра Лукашэнкi па пытаннях развiцця агульнай сярэдняй адукацыi. Аб гэтым
паведамiў журналiстам першы намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Беларусi
Анатоль Рубiнаў.
Паводле яго слоў, пераход да 11-гадовай
агульнай сярэдняй адукацыi добра распланаваны i не прывядзе да ўзрушэнняў. "Усё
лепшае, што напрацавана ў школе, захаваецца. Прынцыпы змяненняў, якiя
прапануецца замацаваць дэкрэтам, у тым, каб не ўводзiць новаўвядзеннi, прызнаныя
немэтазгоднымi, але пры гэтым не адмаўляцца ад напрацаванага, каб не рабiць
ломкi ў школе", — сказаў Анатоль Рубiнаў.
Задача сённяшняй школы — палепшыць якасць
адукацыi не за кошт перагрузкi вучняў, павелiчэння колькасцi гадзiн i вучэбных
гадоў, а за кошт паляпшэння якасцi падручнiкаў, выкладчыцкага працэсу,
падкрэслiў ён. Занепакоенасць, што выказваецца ў грамадстве наконт двайнога
выпуску вучняў у наступным годзе, Анатоль Рубiнаў назваў неапраўданай. Паводле
яго слоў, старшакласнiкi, якiя павiнны былi стаць апошнiм выпускам 11-годкi i
першым выпускам 12-годкi, з’яўляюцца аднагодкамi. Адбылося гэта з-за таго, што ў
1998 годзе дзяцей прымалi ў школу як у падрыхтоўчы клас з 6 гадоў (на 12-гадовы
тэрмiн), так i ў першы клас з 7 гадоў (на 11-гадовы
тэрмiн).
У час нарады Прэзiдэнт падкрэслiў, што
неабходна звярнуць увагу на сiстэму цэнтралiзаванага тэсцiравання. Заданнi для
тэстаў не павiнны быць вельмi складаныя, а арыентаваныя на ўзровень звычайнай
сярэдняй школы. Існуе праблема i з падрыхтоўкай падручнiкаў, якiя неабходна
зрабiць зразумелымi i даступнымi дзецям. Анатоль Рубiнаў падкрэслiў таксама, што
"галоўная задача школы падрыхтаваць не проста спецыялiста, а паўнацэннага
грамадзянiна, гатовага ўступiць у жыццё i далей набываць неабходныя
веды".
Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi
Беларусь.
|