Дарога з
Ватыкана
Днямі афіцыйна абвешчана аб вiзiце ў
Беларусь дзяржаўнага сакратара Яго Святасцi Папы Бенедыкта XVІ кардынала
Тарчызiа Бартанэ. Ён прыбудзе ў Беларусь спецрэйсам ўвечары 18 чэрвеня i
застанецца да жалобнага для нашай краiны дня 22 чэрвеня. Гэта будзе вiзiт як
дзяржаўнай, так i духоўнай асобы.
Кардынала Тарчызiа Бартанэ неафiцыйна
называюць дзяржаўным сакратаром Ватыкана, гэта другая асоба ў каталiцкiм
касцёле, таму падрыхтоўка да вiзiту вядзецца вельмi
адказна.
— Кардынал Тарчызiа Бартанэ прыязджае па
запрашэннi беларускага Ўрада, — адзначыў Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi арцыбiскуп
Тадэвуш Кандрусевiч. — З аднаго боку, гэта дзяржаўны вiзiт, але ён датычыцца i
спраў касцёла. Таму мы чакаем, што падчас вiзiту кардынал Бартанэ наведае
Канферэнцыю Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi. Яго будуць чакаць у цэнтры
"Карытас", якi месцiцца ля Бараўлянаў i апякае хворых на рак дзяцей. Малыя ў
гэтым цэнтры знаходзяцца разам з мамамi, умовы там створаны вельмi добрыя, для
кожнай мамы асобны пакой. У гэтым цэнтры мы не падзяляем хворых дзяцей на
каталiкоў i не, iм патрэбна дапамога i падтрымка незалежна ад веравызнання i
нацыянальнай прыналежнасцi. Найперш, духоўная падтрымка. Запланаваныя яго вiзiты
ў Мiнскi касцёл святых Сымона i Алены. Для нас мае асаблiвае значэнне i тое, што
кардынал Тарчызiа Бартане ўзначалiць цэлебацыю асвячэння вуглавога каменя
касцёла святога Яна Хрысцiцеля ў сталiчным мiкрараёне Серабранка. Гэта першы
касцёл, якi будуецца ў Мiнску за апошнiя сто гадоў. У апошнi дзень вiзiту
запланаваная Iмша ў мiнскiм архiкатэдральным касцёле.
Але госць з Ватыкана знойдзе час для
сустрэч з вернiкамi не толькi ў Мiнску, але i ў Пiнску i Гродне. Ён сустрэнецца
з грэка-каталiцкай супольнасцю, а таксама з моладдзю — Кардынал Бартанэ ўмее
размаўляць з маладымi людзьмi яшчэ i таму, што сам прафесар, выкладаў ва
ўнiверсiтэце. Пра яго гавораць, што ён увогуле чалавек рухавы, даволi часта
бывае ў розных паездках. Ён не адарваны ад жыцця i шмат чым цiкавiцца.
Напрыклад, з’яўляецца прыхiльнiкам "Формулы-1" i футбола, будучы архiбiскупам,
нават быў футбольным каментатарам.
Што такое Беларусь, кардыналу не трэба
будзе тлумачыць. Ён не першы раз прыязджае ў Мiнск, быў тут напрыканцы 90-х
гадоў. I архiбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч яго добра ведае яшчэ з часоў свайго
служэння ў Маскве, дзе кардынал Бартанэ таксама быў з вiзiтам, праўда, не з
дзяржаўным. Цяпер жа ўсё iдзе на iншым узроўнi — госця запрасiла найперш
дзяржава.
— Гонар для дзяржавы прымаць высокага
госця з Ватыкана, — падкрэслiў Уладзiмiр Ламека, намеснiк упаўнаважанага па
справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў. — Сёння iдзе актыўнае супрацоўнiцтва органаў
дзяржаўнай улады i ўлады духоўнай, асаблiва з традыцыйнымi канфесiямi. Яшчэ 20
гадоў таму рэспублiку называлi "палiгонам атэiзму". Сёння яна адраджаецца, кожны
вернiк шукае дарогу да свайго храма.
Паводле газеты “Звязда”
|