У Мінску прайшла міжнародная
канферэнцыя “Нашы святыні”
У Мінскім архікафедральным касцёле Панны
Марыі адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя "Нашы святыні".
Яна была прысвечана 500-годдзю
заснавання мінскага фарнага касцёла, 225-годдзю стварэння Магілёўскай
архідыяцэзіі і 210-годдзю Мінскай дыяцэзіі. Форум быў арганізаваны каталіцкім
касцёлам у Беларусі пры ўдзеле Нацыянальнага гістарычнага архіву і Інстытуту
польскай культуры ў Мінску.
Віншавальную тэлеграму
удзельнікам канферэнцыі даслаў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Генадзь
Нявыглас, Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, а таксама дзяржаўны сакратар Папы
рымскага Бенедыкта XVI, кардынал Тарчызіё Бертонэ.
Адкрываючы форум, мітрапаліт
Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў, што пра пры тры юбілейныя
даты ў гісторыі каталіцкага касцёлу ў Беларусі, добра ведаюць у
Ватыкане:
“Калі я быў у Ватыкане, то сказаў там, што ў нас
500-годдзе Фарнага касцёла, а таксама, што кафедры 210 год. А мне за некалькі
хвілін сказалі: а ці памятаеце вы, што сёлета 225 год Магілёўскай
дыяцэзіі?”
Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў
Леанід Гуляка прывітальнае слова ўдзельнікам канферэнцыі зачытаў на
расейскай мове, але завяршыў свой выступ без паперкі і
па-беларуску:
“Дазвольце пажадаць удзельнікам канферэнцыі
поспехаў, дабрабыту, мудрасці і ўсяго таго, што робіць нашу Беларусь квітнеючай
дзяржавай у Еўропе”.
Гістарычныя крыніцы сведчаць, што Фарны
касцёл Найсвяцейшай Троіцы фундаваў сам Ягайла. Гэтай святыні зараз няма, але
засталася парафія-пераемніца і касцёл, якія знаходзяцца на вуліцы Залатая Горка.
А Магілёўская архідыяцэзія была самая вялікая ў свеце і шырылася ад берагоў
Балтыкі да далёкага Ўсходу. У навуковых дакладах пра гэта гаварылі культурологі,
мастацтвазнаўцы і гісторыкі Беларусі, Польшчы і Расеі. Вядомы беларускі
навуковец Анатоль Грыцкевіч у прыватнасці адзначыў:
“Пасля выгнання расійскіх войскаў у 18
стагоддзі галоўным было адраджэнне касцёла, і гэта было зроблена. Аднавіліся
таксама духоўныя навучальныя ўстановы, дзе юнакі вывучалі мовы, у тым ліку
беларускую. Гэта далучала беларускую моладзь да еўрапейскіх каштоўнасцяў, да
еўрапейскай культуры. Сувязь з Рымам – гэта быў такі факт прыналежнасці Беларусі
да Еўропы. І я нават аднойчы зрабіў такую выснову, што да канца 18-га стагоддзя
Беларусь была каталіцкай краінай. Большасць былі грэка-каталікі, менш
рыма-католікаў, а праваслаўных толькі 6,5%. Сённяшнія праваслаўныя – гэта
нашчадкі ўніятаў”.
Навуковая канферэнцыя “Нашы святыні” –
важная падзея перадусім для беларускіх каталікоў і людзей, неабыякавых да
гістарычнай спадчыны краіны. Аднак адзначэнне юбіленых дат у жыцці каталіцкага
касцёлу ў Беларусі – таксама важная міжнародная з’ява, падкрэсліў адказны за СМІ
ў сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, ксёндз Аляксандр
Амяльчэня:
“Гэта падзея сапраўды міжнародная і
ўніверсальная. І гэта падкрэсліў Папа Рымскі падчас уручэння яму даверчых
граматаў новым амбасадарам Беларусі ў Ватыкане. Жадаючы, пэўна, падкрэсьліць,
што каталіцкі касцёл у Беларусі мае сваю гісторыю і свае карані. Я думаю, што
гэта падзея таксама вельмі знакавая напярэдадні візіту ў Беларусь кардынала
Тарчызіё Бэртонэ”.
Паводле “Радыё свабода”
|