Адчынены музей Барыса Кіта

4 чэрвеня ў Наваградку быў урачыста адчынены музей Барыса Кіта, беларускага асветніка і сусветна вядомага навукоўца ў астранаўтыцы. Музей Б. Кіта размешчаны ў будынку былой беларускай гімназіі, а зараз сярэдняй школы № 1, дзе калісьці ён навучаўся і працаваў.

Сам Барыс Кіт вось што кажа з нагоды адкрыцця музея: “Пачуццё цудоўнае, радасць, што вось яшчэ адно культурнае дасягненне ў Беларусі, бо такія музеі з’яўляюцца асветніцкімі месцамі, дзе народ вучыць сваю гісторыю. Наваградская беларуская гімназія – гэта месца, дзе я быў вучнем, дзе я быў настаўнікам, дзе я быў дырэктарам і дзе я быў акруговым школьным інспектарам... У гэтым будынку адбываліся цудоўныя культурна-гістарычныя падзеі Беларусі. Я планую дажыць да 100-годдзя свайго і тады абавязкова прыеду на сваю радзіму, каб паглядзець на музей”.

Падчас адкрыцця музея адна з арганізатараў урачыстасці пісьменніца Лідзія Савік сказала: “Барыс Кіт гэта жывая гісторыя, ён равеснік стагоддзя. І перакрочыў ужо ў ХХІ стагоддзе. Беларусь павінна ведаць сваіх славутых людзей, сваіх герояў, такія людзі садзейнічаюць і патрыятызму, і любові да радзімы, да сваёй мовы, культуры. Ды імкненне да сусветных дасягненняў на ягоным прыкладзе можна моладзі прывіваць”. Сама Л. Савік ужо доўгі час супрацоўнічае і ведае ўласна Барыса Кіта, менавіта пра яго яна напісала кнігу “Космас беларуса”.

Акрамя пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў, ва ўрачыстых мерапрыемствах бралі ўдзел і супрацоўнікі райвыканкама. Кіраўнік ідэалагічнай управы Наваградскага выканкама Іван Грынь назваў адкрыццё музея падзеяй вялікага патрыятычнага гучання: “І мясцовымі органамі ўлады, і калектывамі, грамадскасцю раёна аддаецца вельмі вялікая ўвага супрацоўніцтву з нашымі землякамі”. І спадар Грынь, і іншыя, асабіста знаёмыя з Барысам Кітом, выступоўцы шмат станоўчага казалі пра яго як беларускага асветніка, змагара за беларускую мову і адначасова грамадзяніна сусвету, удзельніка касмічных праграм.

Старшыня “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, мастак Аляксей Марачкін, так распавёў інфармацыйнаму цэнтру пра ўрачыстасці ў Наваградку: “Гэта толькі пачатак мемарыялізацыі мясцін, якія звязаны з дзейнасцю Барыса Кіта. У мяне адчуванне, што якраз адкрыццё гэтага музея ёсць пачаткам працы да святкавання 1000-годдзя летапіснай сталіцы ВКЛ. Наваградскія мясціны звязаны з вядомымі постацямі беларускай гісторыі, і для мяне, у першую чаргу, гэта Язэп Драздовіч, які ў гэтай гімназіі працаваў, выкладаў астраномію. Я мяркую, што бачанне Драздовіча і яго палотны зрабілі на Барыса Кіта вялікае ўражанне. Хаця матэрыялаў не так багата, але такі музей ёсць, і гэта вельмі добры пачатак. Імя Кіта – адно з тых імёнаў, вакол якіх будзе гуртавацца беларускасць. На жаль, ні з БТ, ні з іншых беларускіх тэлеканалаў не было нікога, відаць, для іх не значная гэта падзея”. Таксама мастак прапанаваў, каб першы спадарожнік, які накіруе незалежная Беларусь у космас, насіў імя слыннага беларуса Барыса Кіта.

Пісьменніца Вольга Іпатава, якая таксама, як і Лідзія Савік, прыклала шмат намаганняў дзеля адкрыцця музея, выказала спадзеў, што з цягам часу школа № 1 Наваградка, зноў будзе беларускамоўнай, бо менавіта такой яна будавалася Барысам Кітом і жыхарамі горада і навакольных вёсак.

Па словах прадстаўнікоў райвыканкама, музей будзе мець статус філіяла Наваградскага гісторыка-краязнаўчага музея, а ў далейшым плануецца пашырыць яго памяшканне.

На жаль, спонсарамі стварэння экспазіцыі пра Барыса Кіта ў Наваградку выступілі не мясцовыя ўлады ці бізнесоўцы, а прадстаўнік беларускай дыяспары ў Расіі Валеры Казакоў з Кемерава.

З артыкулам пра асобу Барыса Кіта можна азнаёміцца ў красавіцкім нумары бюлетэня “Беларусы ў свеце”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшына”

‹‹ на галоўную | у архіў