Івана Шылу выкінулі са школы

3 чэрвеня намеснік старшыні незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту» Іван Шыла быў выключаны з салігорскай сярэдняй школы №4. Прычым, адбылося гэта за дзень да апошняга іспыту, які Іван мусіў здаваць у сераду.

Яшчэ напрыканцы траўня ў школе праходзіў педсавет, каб не дапусціць хлопца да іспытаў, але настаўнікі адзінагалосна прынялі рашэнне — дапусціць Шылу да экзаменаў. Іван паспяхова здаў матэматыку і рускую мову, заставалася толькі апошняе выпрабаванне — ангельская мова.

Прыкладна ў гэты самы час у горад гарнякоў прыехала адмысловая камісія з Мінску, якая, па словах некаторых з педагогаў, патрабавала, каб маладзёну ўсё ж ня выдалі атэстат аб сярэдняй адукацыі. Прапаноўвалася нават ануляваць вынікі першых іспытаў, нібыта хлопец спісваў, але педагагічны калектыў зноў адмовіўся пайсці на гэты крок.

Як кажа Іван, на дырэктарку школу рабіўся пастаянны ціск. З гэтай нагоды Вольга Сянькова нават напісала заяву аб звальненні, звольнілі і намесніка дырэктара па выхаваўчай працы. Перад фактам звальнення таксама апынуліся начальнік аддзелу адукацыі гарвыканкаму і яшчэ тры намеснікі дырэктара школы.

У аўторак 3 чэрвеня ў гарвыканкаме ў тэрміновым парадку была скліканая камісія па справах непаўналетніх, якая і прыняла ізноў жа адзінагалоснае рашэнне аб выключэнні Івана Шылы са школы. Такім чынам, хлопец ня зможа здаць апошні іспыт для атрымання дыплома.

На думку хлопца, найхутчэй гэта робіцца з той прычыны, каб ён ня змог паступіць у айчынныя ВНУ.

«Калі своечасова не атрымаю дыплом, то давядзецца звяртацца ў суд», — гаворыць ён.

Нагадаем Іван Шыла летась быў прызнаны вінаватым па крымінальнай справе за дзейнасць ад імя «Маладога фронту», але абмежаваўся папярэджаннем. На рахунку хлопца дзесяткі затрыманняў і адміністрацыйных пратаколаў. Непаўналетні Іван з’яўляецца адным з найбольш яркіх рэгіянальных актывістаў апазіцыі.

Паводле “Нашай Нівы”

‹‹ на галоўную | у архіў