Беларускія творцы будуць разам з украінцамі ўшаноўваць бітву на Сініх Водах

Ва ўкраінскай амбасадзе адбылася сустрэча амбасадара Ігара Ліхавога з прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі. Тэмай сустрэчы была падрыхтоўка да юбілею бітвы на Сініх Водах, што адбылася ў 1362 годзе.

У каментары Еўрарадыё ўдзельнік сустрэчы мастак Мікола Купава нагадаў, што летась беларускі бок ладзіў канферэнцыю і мастацкую выставу, прысвечаную юбілею бітвы. Цяпер пачалася падрыхтоўку да 650-годдзя падзеі.

Купава: Мы павінны выпусціць зборнік пубьлікацыяў, пачынаючы ад летапісаў і сканчаючы сучаснымі даследаваннямі па гэтай тэме. Гэта першае. Потым мы павінны закласці помнік на месцы перамогі. Нават і пасол пра гэта гаварыў.

Акрамя таго, па словах М.Купавы, плануецца правесці раскопкі на меркаваных месцах бітвы (існуюць дзве версіі накот таго, дзе канкрэтна адбылася гэтая летапісная падзея). А таксама будзе зладжаная беларуска-ўкраінская мастацкая выстава, прысвечаная легендарнай бітве.

Бітва каля Сініх Водаў (на тэрыторыі сучаснай Украіны) адбылася ўвосень 1362 года паміж войскам вялікага князя ВКЛ Альгерда і войскамі Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай ордаў. У выніку перамогі ВКЛ пашырыла сваю тэрыторыю да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынскае і Кіеўскае княства. Па словах М.Купавы, значэнне бітвы на Сініх водах куды большае, чым славутай Кулікоўскай, бо менавіта з яе пачалося вызваленне ўсходнеславянскіх земляў ад панавання Залатой Арды.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”

‹‹ на галоўную | у архіў