Здаць тэсты TOEFL, GRE і SAT для беларусаў становіцца праблемна

Чарговай ахвярай беларуска-амерыканскай “халоднай вайны” стала прадстаўніцтва карпарацыі «American Center for Education and Research, Inc.» у Рэспублікі Беларусь. Днямі на афіцыйным сайце прадстаўніцтва з’явілася кароценькая абвестка: "З 28 траўня 2008 года прадстаўніцтва карпарацыі «American Center for Education and Research, Inc.» у Рэспубліцы Беларусь прыпыняе сваю дзейнасць".

Дадзенае прадстаўніцтва шматлікія гады падтрымлівала беларускіх школьнікаў, студэнтаў, аспірантаў і спецыялістаў у пытаннях адукацыі і стажыровак у Еўропе і ЗША. Упершыню “хмары” пачалі з’яўляцца над прадстаўніцтвам яшчэ ў 2005 годзе, калі беларускія ўлады сталі змагацца з вывазам беларускіх дзяцей на адпачынак і вучобу ў замежжа. Тады прадстаўніцтва, вымушанае на нейкі час прыпыніць сваю дзейнасць, працягнула сваю працу, калі адмовілася ад удзелу ў міжнароднай праграме абмену школьнікамі FLEX. Праца працягнулася пасля атрымання дазволу № 3205 МЗС РБ ад 20.06.2005 г.

З закрыццём прадстаўніцтва пад пытанне ставіцца правядзенне ў Беларусі штогадовых тэстаў арганізацыі ETS (Educational Testing Service) – TOEFL, GRE і SAT, якія неабходныя для паступлення ва ўніверсітэты па ўсім свеце, у тым ліку і ў некаторыя расійскія ВНУ. Дадзеныя тэсты ў Беларусі праводзіліся менавіта супрацоўнікамі прадстаўніцтва.

Атрымліваецца, што зараз беларускім школьнікам, студэнтам і выкладчыкам, якія жадаюць прайсці тэсты для працягу вучобы, прыйдзецца ехаць у Расію, альбо ва Украіну. Улады зачынілі для беларусаў чарговае “вакно ў свет”, зрабіўшы новы крок для самаізаляцыі краіны.

Паводле сайта “Беларускі партызан”

‹‹ на галоўную | у архіў