Толькі добрыя
навіны
* Мінск — адзін з
самых чыстых мегаполісаў Еўропы
Сталіца Беларусі надзейна
трымае пазіцыі аднаго з самых чыстых мегаполісаў Еўропы. Па словах спецыялістаў,
у Мінску індэкс забруджвання атмасферы (ІЗА) рэдка перавышае адзнаку 7 адзінак.
У той жа час у іншых еўрапейскіх гарадах ён складае 20-30, а ў буйных гарадах
Расіі — 70 адзінак.
Праз некалькі гадоў паветра
ў Мінску стане яшчэ чысцейшым. Да 2010-2011 гадоў у горадзе не застанецца ні
аднаго прадпрыемствы трэцяга класа небяспекі. Больш за тое, з цэнтра сталіцы
будуць вынесеныя прадпрыемствы чацвёртага класа небяспекі.
У
выніку да 2015 году прагназуецца паніжэнне колькасці выкідаў забруджвальных
рэчываў на 7-8 тысяч тон. На сёння ў сталічнае паветра іх штогод трапляе
34,6-35,6 тысячы тон. У 1990 годзе гэты паказчык перавышаў стотысячную
мяжу.
* Кожны восьмы жыхар Мінска — дзіця ва ўзросце да
15 гадоў
Сёння кожны
восьмы жыхар Мінска — дзіця ва ўзросце да 15 гадоў. Такія даныя апублікавала
Мінскае гарадское ўпраўленне статыстыкі напярэдадні Міжнароднага дня абароны
дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня.
На пачатак
2008 года ў горадзе пражываў 1 мільён 814,8 тысяч чалавек, з якіх амаль 236
тысяч — дзеці ва ўзросце да 15 гадоў. Пераважная колькасць дзяцей нараджалася ў
зарэгістраваным шлюбе.
У 2007
годзе колькасць народжаных у законным шлюбе склала 86% ад агульнага ліку
нованароджаных. Сярод нованароджаных пераважаюць хлопчыкі: у сярэднім на 100
дзяўчынак нараджаецца 105—109 хлопчыкаў. У 2007 годзе з агульнай колькасці
нованароджаных хлопчыкі склалі 51,5%.
І хаця сталічная статыстыка
ганарыцца тым, што ў горадзе столькі дзяцей, з 1 студзеня 2008 года для дзяцей
адменены ільготы на праезд у грамадскім транспарце горада і
рэспубліцы.
* Арнітолагі стварылі
салаўіную мапу Мінска
Грамадская
арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" вызначыла, дзе часцей за ўсё ў Мінску
спяваюць салаўі.
Выявіць гэта
дапамагла акцыя па назіранні за салаўямі і іх уліку "Салаўіныя ночы". На
падставе атрыманых звестак спецыялісты падрыхтавалі адмысловую салаўіную мапу
Мінска. Высветлілася, што больш за ўсё салаўёў у Батанічным садзе.
Салавей
адносіцца да класу вераб’інападобных. Птушка зімуе ў Афрыцы. Прылёт салаўёў з
месцаў зімоўкі ў Беларусь пачынаецца ў канцы красавіка — пачатку траўня. Першымі
вяртаюцца самцы. Адразу пасля прылёту яны пачынаюць спяваць.
Песня
салаўя складаецца з асобных завершаных куплетаў, якія прынята называць каленамі.
Звычайна ў песні салаўя іх больш за 10.
Паводле
БЕЛТА, “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, БелаПАН
|