Тэатр
абсурда
* У Віцебску судзілі
музыку, якая гучыць у заапарку
Незвычайную
справу разглядзелi ў судзе Кастрычнiцкага раёна Вiцебска. Туды звярнуўся мясцовы
жыхар, якi патрабаваў, каб у вiцебскiм заапарку больш не гучала
музыка.
На ягоны
погляд, музычныя творы, што транслююць на тэрыторыi парка праз дынамiкi,
перашкаджаюць адпачываць наведвальнiкам i спакойна назiраць за жывёламi.
Як высветлілася, спачатку гэты чалавек звярнуўся з пiсьмовым
зваротам, дзе выказаў сваю незадаволенасць. Узровень гуку быў зменшаны, пра што
гаварылася ў афiцыйным адказе, накiраваным яму. Але ж мужчына не супакоiўся, i
справа дайшла да суда.
Дырэктар вiцебскага заапарка Аляксей
Андрэйкаў распавёў, што перад судом было праведзена апытанне наведвальнiкаў па
"музычным пытаннi". У вынiку больш як 92 адсоткі апытаных сказалi музыцы — так.
Суд, улiчваючы гэта, у вынiку абаранiў музыку ў заапарку.
* У геаграфічным цэнтры
Еўропы канфіскавалі сцяг Еўрасаюза
Актывісты "Маладога Фронту"
узнялі сцяг Еўрасаюза на ўрачыстасці з нагоды адкрыцця ў Полацку памятнага знака
"Геаграфічны цэнтр Еўропы".
Праз некалькі хвілінаў
міліцыянты прымусова затрымалі моладзевага актывіста Мікалая Дземідзенку, які
трымаў сцяг, павалілі яго на зямлю і скруцілі рукі. Адміністрацыйнага пратаколу
міліцыянты на затрыманага складаць не сталі, але забралі сцяг ЕС.
Усё гэта адбывалася на
вачах прадстаўнікоў полацкай адміністрацыі, якая брала ўдзел у адкрыцці помніка,
і шматлікіх мінакоў, якія прыйшлі на святочнае мерапрыемства.
Мікалай Дземідзенка падаў у
РУУС скаргу на тое, што невядомы чалавек у форме міліцыянта скраў у яго сцяг і
парваў яго адзенне.
* Улады патрабуюць
грошаў не толькі за акцыі апазіцыі, але і за… хросны ход
Другі год запар у Магілёве
можа не адбыцца традыцыйны хросны ход у гонар Св. Антонія Падуанскага, нябеснага
заступніка гораду, паведамляе «Радыё Свабода».
Каб правесці хросны ход,
магілёўская рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
павінна аплаціць паслугі міліцыі, камунальнікаў ды медыкаў. Такое патрабаванне,
кажуць у касцёле, вылучыў аддзел ідэалагічнай працы Магілёўскага
гарвыканкаму.
Арганізатары хроснага ходу
высветлілі: гадзіна працы толькі аднаго міліцыянта на ахове хроснага ходу каштуе
восемдзесят тысяч рублёў. А іх павінна быць шэсць. Высвятляць, колькі будуць
каштаваць паслугі медыкаў і камунальнікаў, арганізатары ўвогуле адмовіліся. «У
нас і на міліцыянтаў няма грошай»,– зазначаюць у касцёле.
Летась хросны ход
магілёўскія каталікі не праводзілі з-за рамонтных працаў на вуліцы Лазарэнкі. Па
ёй вернікі традыцыйна хадзілі ад касцёлу Св. Станіслава да капліцы Св. Антонія,
што на каталіцкіх могілках.
Св. Антоні стаў апекуном
Магілёва пры канцы XVI стагоддзя. Ягоны цудатворны абраз прынеслі ў Магілёў
францішканскія прапаведнікі.
У першай палове XVII
стагоддзя ў Магілёве выдалі медальён, з аднаго боку якога была выява абразу
Бялыніцкай Маці Божай, а з другога – Св. Антонія. На медальёне быў надпіс: “Св.
Антоні Магілёўскі, маліся за нас”.
Абраз Св. Антонія знік за
часам Другой сусветнай вайны. Св. Антонія шануюць і каталікі, і праваслаўныя. У
праваслаўных ён завецца Антонам.
* Рэклама аўтазакаў у
дзень абароны дзяцей
1 чэрвеня, у Міжнародны
дзень абароны дзяцей, парк імя Горкага ў Мінску "усцешыў" наведнікаў новым
"атракцыёнам" – аўтазакам.
У парк прыгналі самы
сапраўдны аўтазак, якім карыстаецца беларускі АМАП пры разгоне мірных
дэманстрацыяў. У гэтых велізарных браняваных грузавіках, вытворчасці Мінскага
аўтазавода, развозяць з акцыяў пратэсту людзей, што выйшлі на вуліцы
пратэставаць супраць палітыкі ўладаў. У гэтых аўтазаках, па сведчаннях
відавочцаў, не раз збівалі мірных дэманстрантаў. Учора на лавах аўтазака
рассаджвалі дзяцей і іх бацькоў…
* Канадскага трэнера
прынялі ў Мінску за шпіёна
Прыехаўшы ў Мінск, канадскі
трэнер Уэйн Флемінг пачаў фатаграфаваць асартымент тавараў у беларускіх крамах і
гэтым выклікаў падазрэнні беларускай міліцыі.
У канадскага спецыяліста
Уэйна Флемінга, які прыехаў у Мінск для абмеркавання дэталяў кантракту з
хакейным клубам “Дынама” (Мінск), ад знаёмства з беларускай сталіцай засталіся
моцныя ўражанні. Аб гэтым 31 траўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў
генеральны дырэктар хакейнай дружыны Уладзімір Ганчароў.
«Канадскага трэнера перад
прыездам у нашу краіну хвалявалі побытавыя пытанні. А дакладней, жонка
даручыла Уэйну Флемінгу вывучыць мінскія харчовыя крамы...», — распавёў
гендырэктар «Дынама».
Паводле “Хартыі-97” ,
газеты “Звязда”, “Радыё Свабода”
|