Споўнілася 90 год
найстарэйшаму беларускаму святару ў замежжы
28 траўня споўнілася 90
гадоў найстарэйшаму беларускаму святару ў замежжы айцу Кастусю Маскаліку.
Пакручастыя лёсы ваеннага пакалення кідалі айца Кастуся па шырокім свеце, але ня
здолелі пахіснуць ягонай глыбіннай беларускасці.
Дзяцінства і юнацтва было
закалыханае ў няспешным заходнебеларускім мястэчку Гародзея (сёння ў Нясвіжскі
раён), так няўдала пераназваным Саветамі на Гарадзею, і гэтая тутэйшая
няспешнасць сталася адной з самых пазнавальных рысаў айца Кастуся. Ён так і не
навучыўся адпавядаць шалёным вібрацыям сучаснага свету, назаўсёды застаўшыся
там, у сваім усё больш і больш далёкім дзяцінстве.
Калі вайна захлынула
Гародзей, Кастусь быў прызваны ў Чырвоную Армію, з якой апынуўся на ўсходзе
СССР, а потым запісаўся ў войска генерала Андэрса, бо Чырвонае войска аніяк не
адпавядала ягоным уяўленням пра свой зямны шлях.
Прайшоў з войскам увесь
Блізкі Усход, на ўсё жыццё запомніўшы даты і дэталі таго падарожжа, якое ён,
пабожны хлопец, патрапіў ператварыць у пілігрымку на Святую
Зямлю.
Потым, ужо старым і
нямоглым святаром Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лондане, айцец Кастусь за
якім-небудзь сняданкам мог раптам сказаць: «Сёння 50 гадоў, як я перайшоў
Іардан», або, скажам, як я ўвайшоў у Ерусалім. І ганарыўся, што за ўсё вайну не
зрабіў аніводнага стрэлу! (ён, здаецца, служыў пры кухні, і таму яму гэта
ўдалося). А таксама захаваў адзін новенькі камплект вайсковае
бялізны.
Па вайне ў рымскім езуіцкім
калегіўме Rusicum атрымаў адукацыю ды быў высвечаны на святара. Працаваў у
розныя гады ў розных краінах — то чытаў па-беларуску навіны на ватыканскім
радыё, то ўзначальваў беларускую каталіцкую місію ў Парыжы (пакуль беларускі
святар-падзвіжнік Леў Гарошка праходзіў марыянскі навіцыят у
Лондане).
Але найбольш часу, бадай,
пражыў у Лондане. І заўсёды-заўсёды ў думках жыў дома, у ідэальным Гарадзеі
свайго жыцця, сталіцы свае душы. У любы момант ён мог пачаць аповед пра
тамтэйшых людзей, часам згадваючы, хто ў што быў апрануты пры нейкай нагодзе. Да
драбніцаў апісваў, як на якое свята ўпрыгожвалі царкву, што рабілі, што гатавалі
ды спявалі па святах у хаце, як хавалі старых, а як маладых, а як тапельцаў — і
гэтым расповедам не было канца.
І ўсё гэта — на пекнай,
цёплай і жывой беларускай мове, на якую аніяк не наклаліся іншыя жыццёвыя
лінгвістычныя досведы. І бульба нязменна звалася «картопляй», і прозвішчы былі
«прозвіскамі», і сакавітыя выразы ня трацілі свайго водару.
Вось ужо колькі год айцец
Кастусь жыве ў доме для старых і так глыбока пагрузіўся ў свае ўспаміны, што ўсё
цяжэй пазнае твары ды імёны тых, каго ўведаў у апошнія пару дзесяцігоддзяў. Але
спытайцеся пра даваенную Беларусь — і жывая рака ўспамінаў закрынічыць ізноў. Ён
навечна застаўся часцінкаю Беларусі, беларускай памяці, якой так бракуе нам
цяпер.
Барані цябе Бог, айцец
Кастусь.
Паводле “Нашай
Нівы”
|