Святлана Алексіевіч святкуе свой юбілей

31 траўня – юбілей самай вядомай у свеце пісьменніцы з Беларусі Святланы Алексіевіч. Але яе кнігі не выдаюцца дзяржаўнымі выдавецтвамі Беларусі.

Яе дакументальная проза перакладзеная больш чым на 20 моваў свету. Апошнія гады пісьменніца жыве і працуе ў Швецыі, але на юбілей абавязкова прыедзе ў Беларусь.

Гэта парадокс, які не разумеюць у цывілізаваным свеце: каб кнігі сусветна вядомых, прызнаных пісьменнікаў выходзілі мільённымі накладамі на розных мовах ўсюды, але толькі не на радзіме творцы. Каб літаратар меў дзесятак прэстыжных міжнародных прэміяў і узнагарод, і ніводнай айчыннай.

Святлана Алексіевіч апошнія гады жыве і працуе за мяжой: спачатку ў Італіі, зараз у Швецыі. На радзіме бывае часта.

У сваёй творчасці Святлана Алексіевіч абрала “жанр чалавечых галасоў”. Яна прызнаецца, што свае кнігі выглядае і выслухоўвае на вуліцах, за вакном, у іх рэальныя людзі распавядаюць пра галоўныя падзеі свайго часу. Яна піша пра вайну, пра Чарнобыль, пра Аўганістан, пра самазабойцаў і пра каханне. Святлана лічыць сябе шчаслівым чалавекам: “Я ўсё ж такі веру, што ўсё ёсць у гэтым жыцці: і каханне ёсць, і блізкія людзі ёсць, і радасць ёсць. Мне ўдалося захаваць нейкую радасць у жыцці. І гэта цудоўна, што мы атрымаліся, і мы ёсць. Жыць і ў часе, і ў той жа час памятаць, што ёсць тваё адзінае жыццё. Я і ў сваіх кнігах спрабую спалучыць сучаснага чалавека і тое, што называецца вечным чалавекам. Мне чым далей – тым жыць больш загадкава, чым далей – тым цікавей”.

Паводле газеты “Пагоня”

‹‹ на галоўную | у архіў