Таварыства аховы помнікаў пазмагаецца за бясплатную арэнду памяшкання

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры спадзяецца атрымаць памяшканне ў бясплатную арэнду. Пра гэта заявіў у каментары “Еўрарадыё” кіраўнік аб'яднання Антон Астаповіч.

Гісторык лічыць, што Таварыства аховы помнікаў пазбавілі офіса не з эканамічных, а з палітычных прычынаў. Ён адзначыў, што з іншымі грамадскімі арганізацыямі, якія мелі запазычанасць па арэндзе, новыя дамовы былі падпісаныя.

Астаповіч: Нам не перааформілі — і менавіта з-за палітычных прычынаў. Пра гэта я маю інфармацыю з сваіх крыніц у Мінгарвыканкаме. Палітычныя прычыны — наша актыўная пазіцыя па абароне гістарычнага цэнтру ў Мінску і ўвогуле гісторыка-культурнай спадчыны.

А.Астаповіч адзначыў, што будынак, дзе размяшчалася арганізацыя, быў за савецкім часам на 60% быў пабудаваны за кошт Таварыства аховы помнікаў.

Астаповіч: Мы ўжо рыхтуем пазоўную заяву ў гаспадарчы суд. Будзем на судовым узроўні дамагацца працягу дамовы арэнды. І не проста дамовы арэнды, а дамовы бясплатнай арэнды.

Пры гэтым ён спасылаецца на законы Беларусі, паводле якіх інвестары капітальных будынкаў маюць права на бясплатную арэнду ў памеры той сумы, якую яны ўкладлі ў будаўніцтва ці капітальны рамонт будынку.

Дарэчы, нядаўна былі адмененыя палёгкі для грамадскіх арганізацыяў у плаце за арэнду памяшканняў. Напрыклад, у будынках рэспубліканскай уласнасці арэндная плата склала 15 еўра з 1 квадратны метр. Гэткую суму мусіла б плаціць і Таварыства аховы помнікаў за свой цяперашні офіс. Аднак з арганізацыяй не захацелі працягваць дамову нават на гэтых фінансавых умовах.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”

‹‹ на галоўную | у архіў