Сям'я Янкі Брыля супраць Чаргінца
26 траўня раніцай дачцэ Янкі Брыля Галіне патэлефанавалі з упраўлення культуры Мінгарвыканкаму і паведамілі, што заўтра на доме №78 па праспекце Машэрава будзе ўсталяваная мемарыяльная дошка.
“Наша ніва” нагадвае, што ў гэтым доме класік беларускай літаратуры жыў апошнія дванаццаць гадоў перад смерцю. Цяпер у двухпакаёвай кватэры Янкі Брыля жывуць абедзве дочкі пісьменніка.
На роспыты Галіны Брыль, а якой гадзіне адбудзецца адкрыццё дошкі, хто будзе ўдзельнічаць у гэтай цырымоніі, ёй паведамілі, што саму дошку прымацуюць да сцяны да 12 гадзін, а яе ўрачыстае адкрыццё адбудзецца а 12.30. Адкрываць жа дошку будуць «людзі з Саюзу пісьменнікаў». У адказ на пытанне спн.Галіны, з якога пісьменніцкага саюзу будуць тыя людзі, ёй назвалі прозвішчы Мікалая Чаргінца, Уладзімера Гніламёдава і Аляксандра Жука (ня блытаць з празаікам Алесем Жуком).
Галіна Брыль заявіла прадстаўніцы ўпраўлення культуры, што яна на цырымонію адкрыцця мемарыяльнай дошкі ня прыйдзе. Другая дачка Янкі Брыля — Наталля Семашкевіч — цяпер знаходзіцца на лецішчы свайго бацькі ў пасёлку Крынічнае Карэліцкага раёну і таксама ня мае намеру удзельнічаць у адкрыцці мемарыяльнай дошкі. Сын пісьменніка, кандыдат фізіка-матэматычных навук Андрэй Брыль, займаецца даследаваннямі ў Японіі і мае намер прыехаць на радзіму 30 траўня.
Літаратурны крытык Анатоль Сідарэвіч, які 41 год ведаў Янку Брыля асабіста, так тлумачыць факт адмовы дачок Янкі Брыля ўдзельнічаць у адкрыцці мемарыяльнай дошкі:
“Брыль да канца дзён належаў да Саюзу беларускіх пісьменнікаў і не ўваходзіў у «правільны» Саюз пісьменнікаў Беларусі. Па-другое, Мікалай Чаргінец удзелам у цырымоніі адкрыцця дошкі яўна прымазваецца да імя славутага беларускага класіка. Трэба памятаць, што менавіта ад Чаргінца ў многім залежала, ці будуць пахаваныя жонка Янкі Брыля і сам пісьменнік у Мінску. Улады не дазволілі пахаваць спадарыню Ніну Брыль на Кальварыі, як таго прасіў яе муж. Ніна Міхайлаўна была пахаваная ў Калодзішчах. Там — побач з ёю — знайшоў вечны спачын і наш класік. Так улада, і ў тым ліку Чаргінец, абразілі выдатнага дзеяча беларускай культуры, ветэрана другой сусветнай вайны (а Брыль ваяваў з 1 верасня 1939 году) і ўдзельніка партызанскага параду 1944 году ў Менску. Абражана была і ўся сям’я Брылёў. Вядома, добра, што ўлада адчыняе дошку, але ўзначаліць гэтую цырымонію яна даручыла не таму чалавеку. І гэтым, зноў-такі, абразіла памяць Янкі Брыля”, - упэўнены Анатоль Сідарэвіч.
Паводле “Хартыі-97”
|