Справаздача дзейнасці Беларускага
Моладзевага Руху Амерыкі за год 2007-2008
Другі год свайго існавання Беларускі
Моладзевы Рух Амерыкі працягваў аб’яднанне і супрацоўніцтва з беларускай
моладдзю па ўсім свеце. Сумесна з моладзевымі арганізацыямі Бунт, Ініцыятыва,
Паветра, Погляд і Трэці Шлях быў падпісаны маніфест “Час Перамагаць!” мэтай
якога з’яўляецца аб'яднанне апазіцыйных сілаў для перамогі над рэжымам А.
Лукашэнкі. Стратэгія змагання прадугледжвае дыялог з людзьмі, выпрацоўку
агульнага бачання ў адносінах да будучыні нашай краіны, заснаванай перадусім на
беларускіх інтарэсах.
У межах маніфеста “Час Перамагаць!” сябры
руху прынялі ўдзел у кампаніі супраць цэнзуры ў інтэрнэце. Кампанія распачалася
з акцыі супраць спробаў беларускіх уладаў манапалізаваць Байнэт у якой узялі
удзел каля 40 беларускіх інтэрнэт сайтаў. (http://fromlu.net/)
1-4 сакавіка сябры руху наведалі Талін і
ўзялі ўдзел ў кангрэсе новай дыяспары Еўропы і ЗША, а таксама прадстаўнікоў
дэмакратычных сілаў Беларусі. У кангрэсе узялі ўдзел дэлегаты з больш як 25
розных арганізацыяў, партыяў і груп.
З ініцыятывы нашай арганізацыі, сумесна з
удзельнікамі маніфесту “Час Перамагаць!”, было вырашана заснаваць штогадовую
узнагароду за дасягненні ў змаганні за вольную Беларусь, ордэн Свабоды імя
Кастуся Каліноўскага. Першая ўзнагарода была ўручана Змітру Дашкевічу.
2. Пры спрыянні і актыўнай дапамозе рады
Сабору Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне сябрамі руху быў створаны, афіцыйна
зарэгістраваны і распачаў сваю працу Беларускі Музей у Нью-Ёрку. (http://www.belmuseum.org/)
Парахвіяне царквы і сябры руху прымалі актыўны удзел у будаўніцтве музею і ў
правядзенні выставаў. Сумеснымі намаганнямі ўдалося забяспечыць прылёт 3-х
мастакоў з Беларусі. У цэлым, за год было праведзена 6 мастацкіх выстваў з
удзелам такіх вядомых беларускіх мастакоў як Мікола Купава, Ўладзімер Новак,
Генадзь Драздоў, Аляксандр Грыгор'еў. Былі праведзены 2 групавыя выставы ў якіх
былі прадстаўлены працы з калекцыі Музею. Таксама была праведзена імпрэза з
нагоды 450 – годдзя Льва Сапегі на якой быў прадстаўлены новы твор Алеся
Шатэрніка.
3. Праграма бясплатнага хостынгу існуе
ужо 2 гады. Сёлета яна працягвала імкліва развівацца, працягвалася выдача
хостынгаў і даменных імёнаў, аказвалася падтрымка ў распрацоўцы і
адміністраванні сайтаў беларускіх недзяржаўных арганізацыяў. Да фундатараў
праграмы далучыўся “Трэці Шлях”, дзякуючы гэтаму была павялічана колькасць і
палепшана якасць тэхнічнага абсталяваньня і праграмнага забеспячэння. У межах
праграмы распачало працу шмат новых сайтаў уключаючы: Праект “Хакей.BY -
Сусветны хакей па-беларуску”(http://www.hockeyby.org/ ); Сайт пра ўрочышча Курапаты (http://www.kurapaty.org/);
Сайт “Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны” (tbm.org.by). На дадзены момант звыш
за 100 сайтаў карыстаюцца нашымі паслугамі.
4. За другі год існавання пашырылася
колькасць сябраў Беларускага Моладзевага Руху ў Амерыцы. Праводзілася агітацыя
сярод моладзі з мэтай далучыць больш актывістаў да беларускай справы. Так, 8
верасня была зарганізавана суполка ў Вашынгтоне, якая адразу распачала актыўную
дзейнасць і не спыняла тэмпаў на працягу усяго году. Таксама надалей плануецца
адкрыццё суполкі у штаце Масачусэтс. Новым сябрам руху, якія актыўна бралі ўдзел
у штодзённай працы, была аказана дапамога ў эміграцыйных пытаннях. Для надання
руху афіцыйнага статуса была зарэгістраваная Беларуская Фундацыя.
5. На працягу году было праведзена шмат
палітычных дэманстрацый і акцый ля штабкватэры ААН, каб звярнуць увагу
міжнароднай супольнасці да праблемаў Беларусі. Таксама быў падпісаны “Зварот да
Генеральнага Сакратара Аб'еднаных Нацыяў Бан Кі-Муна” у якім беларусы ЗША
папрасілі Бан Кі Муна запатрабаваць ад Беларускага Ўраду спыніць пераследы
моладзі па палітычных матывах. А таксама ўзняць пытанне дэмакратызацыі Беларусі
на паседжанні Савета Бяспекі, каб звярнуць увагу на жахлівыя парушэнні правоў
чалавека ў Беларусі. Сябрамі руху быў праведзены шэраг імпрэзаў сярод якіх
прэзентацыі фільмаў: “Плошча”, “Беларускі Супраціў”.
6. Сябры руху актыўна ўдзельнічалі ў
аднаўленні царквы і працягвалі дапамагаць ў рамонтных працах святыні – Сабору
Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне.
Паводле Беларускага Моладзевага Руха
Амерыкі
|