У Барысаве ўвекавечылі памяць героя
антыбальшавіцкага супраціву Ю.Моніча
23 траўня ў Барысаве Мінскай вобласці на
тэрыторыі батарэй — помніка фартыфікацыйнага будаўніцтва пачатку XIX стагоддзя —
быў адкрыты мемарыяльны крыж у памяць аб героі антыбальшавіцкага супраціву
легендарным атамане Юрку Монічы. Аб гэтым паведаміў БелаПАН краязнаўца з
Крупскага раёна (Мінская вобласць) Андрэй Аляхновіч.
Паводле яго словаў, на драўляным
шасціканцовым крыжы нябеснай заступніцы Беларусі святой Ефрасінні Полацкай
усталяваная памятная дошка з тэкстам: "Юрка Монiч, 1890-23.05.1924, Змагару за
Беларусь". У цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага знака вышынёй 3,5 метра
ўдзельнічалі каля 30 чалавек. За мерапрыемствам назіралі 10 супрацоўнікаў
міліцыі і спецслужб, якія перапісалі дадзеныя ўсіх удзельнікаў цырымоніі,
матывуючы гэта тым, што некалькі дзён таму вандалы апаганілі на батарэях гармату
пор вайны 1812 года.
Як адзначыў А.Аляхновіч, Ю.Моніч з 1919
па 1924 гады кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах краіны,
з'яўляўся начальнікам штаба I партызанскага беларускага аддзела войскаў
Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкам узброеным паўстанні
1920 года. 23 траўня споўнілася 84 года з дня расправы над героям супрацоўнікамі
ОГПУ у Крупскім раёне. Вядома, што цела Моніча было прывезена ў Барысаў і,
меркавана, пахавана ў раёне батарэй - на месцы масавых расстрэлаў у 20-30-х
гадах XX стагоддзя нявінных жыхароў Барысава і ўскраін, у тым ліку ўдзельнікаў
Барысаўскага галоднага бунту 1932 года.
Паводле БелаПАН
|