Еўрапейская народная партыя
падрыхтавала праект рэзалюцыі па Беларусі
Еўрапейская народная партыя
асуджае арышты палітычных апанентаў у Беларусі і падрыхтавала праект рэзалюцыі
аб парушэннях правоў чалавека.
“Сітуацыя з дэмакратыяй,
правамі чалавека і вяршынствам закона не паляпшаецца, а наадварот, пагаршаецца.
Беспадстаўныя арышты актывістаў апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай
супольнасці (уключна з нядаўнім затрыманнем і судом над Аляксандрам
Мілінкевічам) разам з ціскам на незалежныя СМІ супярэчыць рыторыцы беларускага
ўраду аб яго жаданні палепшыць стасункі з Еўрапейскім Саюзам”, – гаворыцца ў
заяве, распаўсюжанай Еўрапейскай народнай партыяй.
Яцэк Пратасевіч, старшыня
парламенцкай дэлегацыі па стасунках з Беларуссю адзначыў: “Абсалютна відавочна,
што выкананне дэмакратычных нормаў з’яўляецца галоўным ключавым момантам ў
нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Пакуль беларускія ўлады трымаюць у турме
Аляксандра Казуліна, затрымліваюць і арыштоўваюць прадстаўнікоў грамадзянскай
супольнасці і незалежных журналістаў, мы не можам паверыць у сур’ёзнасць іх
намераў паляпшаць стасункі з ЕС”.
Еўрапейская дэмакратычная
партыя асуджае жорсткія прысуды Сяргею Парсюкевічу і Андрэю Кіму, вынесеныя 22 і
23 красавіка ў Мінску за іх удзел у дэманстрацыі прадпрымальнікаў 10 студзеня
2008 года; асуджае затрыманні журналістаў незалежных СМІ, вобшукі ў іх кватэрах,
канфіскацыю і псаванне іх маёмасці супрацоўнікамі беларускіх спецслужбаў.
Таксама выражае вялікае шкадаванне адносна шматразовага злоўжывання сілай
органамі аховы парадку Беларусі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі
25 сакавіка 2008 года ў гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай
Рэспублікі.
“Мы заклікаем беларускія
ўлады ўстрымацца ад усіх формаў ужывання сілы супраць прадстаўнікоў
дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў”, – адзначаецца ў заяве.
Зараз самая буйная
еўрапейская партыя падрыхтавала праект рэзалюцыі аб парушэннях правоў чалавека,
дэмакратыі і вяршынства закона, якая будзе разглядацца ў Еўрапейскім
Парламенце.
Паводле “Беларускага
радыё Рацыя”
|