Літаратурная вечарына Швэцыя –
Беларусь
Беларускія і шведскія
літаратары чыталі свае творы. На сцэне Палаца адбылася віктарына і сумесныя
спевы шведаў і беларусаў.
На літаратурную вечарыну
прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх кіраўнік дыпламатычнай місіі
амбасады Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, пісьменніца Вольга Іпатава, філосаф
Валянцін Акудовіч, шведскія пісьменніцы Сіла Наўман, Солья Крапу, Іда Бёр’ель,
перакладчык з польскай і францускай моваў на шведскую Андэш Будэгорд ды іншыя.
Вечарыну вёў Віктар Шалкевіч.
Імпрэза адбывалася ў
нестандартным варыянце, калі паэты і пісьменнікі чытаюць урыўкі сваіх твораў, а
з правядзеннем гумарыстычных віктарынаў і сумесных спеваў.
Першым на сцэне спяваў
Стэфан Эрыксан. Потым на сцэну запрасілі паэта Уладзімера Някляева. Ён разам з
амбасадарам спяваў па-шведску. Акампанаваў ім Віктар Шалкевіч. Шведскія
пісьменніцы таксама на прапанову вядучага спелі пару куплетаў па-беларуску.
Вольга Іпатава выказалася, што такія вечарыны вельмі неабходныя
літаратарам.
“Мне важна, што ёсць цікавасць да беларускай
паэзіі, што яе пераклалі на шведскую. Пазнаёміцца цяпер нам вельмі цяжка. Вы ж
ведаеце, што калісь быў часопіс “Иностранная литература”, шмат чаго
перакладалася. Сёння ж амаль нічога няма. Я ж разумею, як на бібліятэкараў у
мястэчках навальваецца гэтая адказнасць... Раней было такое, што іншаземнае гэта
заўсёды небяспечнае. Цяпер не савецкія часы, але тое ж самае...
Нехта з гумарам сказаў, што, калі б з тымі пісьменнікамі, з
якімі трэба па сённяшнім часе, то ўсё было б адкрыта, усё б грукатала, звінела,
было б тэлебачанне і былі б усе карэспандэнты. І гэта дорага, што швэды працуюць
з тымі літаратарамі зноў жа не па палітычных матывах, а паводле прафэсійных
якасьцяў”.
23 траўня літаратурная
вечарына адбудзецца ў Лунінцы, а 24 траўня – у Баранавічах.
Паводле “Радыё
Свабода”
|