Напярэдадні прыезду
Пуціна ў Мінску завочна судзяць моладзевых лідэраў
Актывіст грамадзянскай
кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Павел Юхневіч завочна прысуджаны да 7 сутак
арышту за ўдзел у афіцыйным мітынгу 1 мая. Нагадаем, што такія ж завочныя
прысуды былі вынесеныя ў Першамайскім судзе Мінска лідэрам "Маладога Фронту"
Зміцеру Дашкевічу і Артуру Фінькевічу.
"Выкрыківаў лозунгі,
заклікі аб далучэнні Беларусі да Еўрасаюза, чым парушыў усталяваны парадак
арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь", —
гаворыцца ў пастанове суда Першамайскага раёна аб арышце Паўла
Юхневіча.
Неабходна адзначыць, што ні
разу пасля 1 мая ні Паўла Юхневіча, Зміцера Дашкевіча, ні Артура Фінькевіча
ніхто не выклікаў ні ў суд, ні ў РАЎС. Пры гэтым, паводле ч.1 артыкула 11.4
Працэсуальна-адміністрацыйнага Кодэкса, суд не мае права разглядаць справу ў
адсутнасці абвінавачанага, акрамя сітуацыі, калі абвінавачаны прызнаў сваю віну
альбо неаднаразова ігнараваў позвы ў суд. Паводле Кодэкса аб адміністрацыйных
правапарушэннях, рашэнне суду Першамайскага раёна супярэчыць закону і не
з'яўляецца правамоцным.
Больш за 100 актывістаў
грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" дашлі 1 мая да Нацыянальнай
бібліятэкі і ўзнялі на афіцыйным мітынгу дзясяткі еўрапейскіх сцягоў. 1 мая
афіцыйна святкуецца ў Беларусі як Дзень Працы. Да таго ж, дата мае вялікае
значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму у Еўрасаюз увайшлі
10 новых дзяржаваў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны.
Як толькі на месцы
афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза,
да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПу. Амапаўцы выхоплівалі сцягі
Еўразвяза ў актывістаў, ламалі дрэўкі і адбіралі сінія палотнішчы з
зоркамі.
Усяго падчас афіцыйнага
мітынгу былі затрыманыя каля 30 чалавек. Раней за гэтую ж акцыю адбыў 15 сутак
арышту адзін з лідэраў "Еўрапейскай Беларусі" Мікола Статкевіч.
Нагадаем, што заўтра ў
Мінску адбудзецца паседжанне Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Раніцай 23 мая ў
Мінск прыбудзе прэм'ер-міністр Расеі Ўладзімір Пуцін. Не выключана, што завочныя
суды над моладзевымі лідэрамі звязаныя менавіта з прыездам у Мінск
экс-прэзідэнта Расіі. Падчас апошняга візіту расійскага кіраўніка ў Мінск
актывісты "Еўрапейскай Беларусі" сустрэлі яго акцыяй пад лозунгам "Пуцін, Go
Home!".
Паводле
“Хартыі-97”
|