Пераможца конкурсу “Адзін дзень у БНР”

Мінулае восені “Радыё Свабода” абвясціла літаратурны конкурс “Адзін дзень у БНР 2008”. Умовай конкурсу было стварэнне тэксту адвольнага жанру, які б апісваў жыццё ў Беларускай Народнай Рэспубліцы ў часы адзначэння яе 90-годдзя.

Іншымі словамі, аўтар павінен быў прыдумаць рэаліі БНР, якая ў 1918 годзе перамагла, адбылася і праз 90 гадоў рыхтуецца адзначыць 90-годдзе сваёй незалежнасці. Па электроннай і звычайнай пошце мы атрымалі некалькі дзясяткаў твораў самых розных жанраў – аповесці, апавяданні, эсэ, вершы, паэмы, рэпартажы і прыватныя лісты.

Прафесійнае журы ў складзе Уладзімера Арлова, Уладзімера Някляева, Алеся Пашкевіча, Сяргея Шупы і Захара Шыбекі напярэдадні 25 сакавіка сёлета вызначыла 12 фіналістаў і прапанавала нашым слухачам выказаць сваю думку аб іх творах, выстаўленых на сайце “Радыё Свабода” ў інтэрнеце.

Але спачатку – гутарка з дырэктарам беларускай службы “Радыё Свабода” Аляксандрам Лукашуком. Беларуская служба ня толькі мае свой “Дом Літаратара”, але і сваю “Бібліятэку”. Прадмовы да ўсіх 14 кніг “Бібліятэкі Свабоды” напісаў дырэктар Беларускай Службы Аляксандар Лукашук.

Аляксандар, калі б мы вырашылі выдаць усе творы-фіналісты конкурсу “Адзін дзень у БНР 2008”, як бы выглядала прадмова?

Лукашук: “Коратка. Увогуле, канечне, вымяраць літаратуру і мастацтва колькаснымі паняццямі – доўга, коратка, шмат – не пасуе, але прадмова была б пра гэты фэномен, правакацыю літаратурнага працэсу, абуджэнне фантазіі, разняволенне. Многія беларукія аўтары выдатна аднаўляюць мінулае, ад сярэднявечча да падзеяў мінулых дзесяцігоддзяў. Наша ідэя была стымуляваць асэнсаванне магчымай будучыні. Паводле аднаго з адгалінаванняў квантавай фізікі, існуе безліч паралельных сусветаў, і калі так, дык ёсць і БНР падобная да той, як яна можа ўяўляцца нам, і мы нават ведаем імя прэзідэнта...”

Тут я ўмяшаюся і жартам папярэджу слухачоў, што ў эфіры не “Акадэмія навук”, а “Дом літаратара” і ў студыі ня фізікі, а журналісты, і паралельныя светы, якія мы абмяркоўваем з Аляксандар Лукашуком – літаратурныя творы ўдзельнікаў конкурсу “Адзін дзень у БНР 2008”. Аляксандар, ці можа літаратура стварацца на замову?

Лукашук: “Канечне, і ня толькі літаратура – усе віды мастацтва, ад музыкі да жывапісу і скульптуры, калі паглядзець у гісторыю, пераважна ствараліся на замову, стымуляваліся, іх творцы атрымлівалі падтрымку. Сам працэс творчасці – справа інтымная і асабістая. Літаратурны конкурс – тое самае, як, напрыклад, сітуацыя, калі Дастаеўскі браўся напісаць раман “Ігрок” на замову выдаўца да пэўнага тэрміну. У нас, праўда, крыху больш свабоды – тут удзел добраахвотны”.

Нагадаю, што прыкладам такога стварэння кнігі прафесійнымі літаратарамі з’яўляюцца і кнігі “Бібліятэкі Свабоды”, якія спярша ствараліся на замову як радыёперадачы. Напрыклад, перадача “Летні Альбом” Вінцэся Мудрова. Спецыяльна для летняга цыклу 2006 году ён пісаў свае эсэ пра страшныя, смешныя і забытыя словы, якія і сталі кнігай. У такі ж спосаб з’явіліся і кнігі Рыгора Барадуліна “Дуліна ад Бараудуліна” і Уладзімера Арлова “Імёны Свабоды”.

Самая першая кніга “Бібліятэкі Свабоды” была створана менавіта такім чынам: МЫ запрасілі слухачоў напісаць і прыслаць верш на тэму Свабоды – і кожны дзень на працягу 2001 году аўтары чыталі свае творы – мы тады атрымалі больш за 1000 вершаў, прагучала 365. Сярод аўтараў былі два нобелеўскія лаўрэаты. Віслава Шымборска і Чэслаў Мілаш, самаму малому было 10 год, найстарэйшаму за 90. Гэтая кніга выйшла таксама ў перакладзе на ангельскую.

Многія слухачы памятаюць перадачу “Верш на Свабоду”: пад музыку Джузэпе Вэрдзі сотні аўтараў чыталі свае вершы пра свабоду ў нашым эфіры ў 2001 годзе. Нагадаю слухачам, штокніга “Верш на Свабоду” даступная ў інтэрнэце, на сайце svaboda.org пад рубрыкай “Саміздат”. Дарэчы, Аляксандар, чаму такая рубрыка?

Лукашук: “На сайце “Свабоды” размешчаныя ўсе кнігі, якія мы выдалі, у фармаце PDF – іх можна прачытаць, загрузіць на свой кампутар, перапісаць на флэш-карту, на кампакт-дыск, раздрукаваць – выдаць самому. Мы заклікаем чытачоў працягнуць справу Скарыны – дапамагчы распаўсюдзіць гэтыя кнігі. Іх наклад абмежаваны, але такім чынам яны адступныя значна большай колькасці чытачоў. Як, дарэчы, і творы-фіналісты конкурсу “Адзін дзень у БНР”. Яны ўсе прагучалі ў эфіры, і цяпер будуць захоўвацца ў электроннай бібліятэцы “Свабоды”. Я дзякую ўсім аўтарам за ўдзел у конкурсе, за дапамогу ў стварэнні новай перадачы. Усе фіналісты атрымаюць прызы “Свабоды” – кароткахвалёвыя радыёмнікі”.

А зараз – меркаванні некаторых сябраў журы. Я папрасіў іх расказаць пра крытэрыі, якімі яны кіраваліся пры адборы тэкстаў. Вось думка прэзідэнта Беларускага ПЭН-цэнтру Уладзімера Някляева: “Асноўныя крытэрыі я б назваў два. Калі ўжо пра БНР, то ў тэксце павінна быць адчуванне таго, што рэальныя людзі ў рэальных абставінах жывуць у гэтай рэальнай, а не мітычнай нейкай краіне. Другое – пры ўсім тым, што гэта зусім нібыта інакшае жыццё, інакшая нібыта краіна, але мне было важнае адчуванне таго, што ад таго, што была іншая краіна, сутнасць існаваньня гэтых людзей ніяк бы не змянілася, бо яны па прыродзе сваёй такія. І вось такое адчуванне ёсць у творах, якія я выбраў”.

Яшчэ адзін сябра нашага журы – Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. “Улічваючы суб’ектыўнасць усялякіх конкурсаў, я найперш кіраваўся наступнымі крытэрыямі: хацелася, каб адзначаныя тэксты былі рознажанравымі, шматпланавымі, і адлюстроўвалі як у традыцыйным, так і ў наватарскім аспекце ўзнятую праблему – праблему інсавання памяці БНР. Па-другое, сам конкурс быў найперш разлічаны на творчае адраджэнне, узнаўленне БНР, таму хацелася, каб фантазія аўтараў спрацоўвала напоўніцу”.

У складзе прафэсійнага журы быў і мой калега, укладальнік двух тамоў “Архіваў БНР” Сяргей Шупа. “Напачатку, калі мы толькі абвясцілі ўмовы конкурсу, прынцыпы, якімі б я кіраваўся пры вызначэнні пераможцаў, я ўяляў такім чынам: мяне цікавіла, наколькі праўдападобна ў конкурсных творах будзе выглядаць мадэль альтэрнатыўнай гісторыі, у выніку якой БНР у 1918 годзе перамагла і дажыла да сённяшняга дня. Але пасля абвяшчэння конкурсу мы праводзілі інтэрвію з гісторыкамі, і ў гутарках з імі стала ясна, што знайсці больш-менш праўдападобную мадэль альтэрнатыўнай гісторыі даволі цяжка. Таму галоўным крытэрам стаў літаратурны: наколькі я як чытач ужываюся ў гэты літаратурны твор, наколькі я адчуваю яго рэальнасць. Найменш цікавымі былі творы, дзе жыццё ў БНР 2008 году паказвалася як такая аптымістычная, пазытыўная Утопія. Гэтыя творы мне нагадалі літаратуру савецкіх часоў, змяніліся тольік колеры сцягоў, а ўсё астатняе, уся атрыбутыка, стылістыка засталася такая савецка-камуністычная. Затое вельмі парадавалі і зацікавілі творы, дзе рэчаіснасць такой уяўнай БНР падаецца вельмі праблемна. І вось я аддаў свае галасы за гэтае жыццё з праблемамі, якія спрабуюць вырашаць героі конкурсных твораў”.

Як вы чулі, сябры журы асноўным крытэрыем называюць пранікненне аўтараў у прыдуманую імі, але патэнцыйна магчымую рэчаіснасць БНР праз 90 гадоў яе існавання.

Ну а зараз – імёны пераможцаў. Творы 12-ці фіналістаў і іх імёны слухачы могуць знайсці на нашым сайце. Я ж назаву першую тройку. Трэцяе месца журы аддала Кастусю Сырэлю за апавяданне “Малыш”. Другое месца заняў аўтар пад псеўданімам “Пяты” за апавяданне “Крылаты вершнік”. А пераможцам нашага конкурсу стаў празаік з Гомеля Сяргей Балахонаў за аповесць-комікс “Пятля зацятасці”.

Віншуем! Усе фіналісты будуць узнагароджаныя лічбавымі радыёмнікамі, а пераможца, Сяргей Балахонаў, атрымае ў падарунак фотаапарат “Кэнан”. Вось як ён адрэагаваў на мой тэлефонны званок з навіной пра сваю перамогу:

Балахонаў: “Цудоўнае адчуванне. Я рады, канечне, усцешаны, што так атрымалася. Я, канечне, меў спадзяванне, што, магчыма, буду сярод пераможцаў, а тое, што гэта спраўдзілася – добра”.


Але гэта ня ўсё. Творы фіналістаў больш за месяц былі выстаўленыя ў інтэрнэце, людзі галасавалі, таму журы вырашыла назваць і ўладальніка прызу чытацкіх сімпатыяў. Я спытаўся ў Сяргея Балахонава, калі б ён сам быў сябрам журы, каму б ён аддаў свой голас. Вось яго адказ.


Балахонаў: “Алесь Чайчыц, “Трынаццаты пастарунак”. Гэта мне бліжэй было”.

Я рады паведаміць слухачам, што думка Сяргея Балахонва супала з думкай тых, хто галасаваў на нашым сайце. Журы пацвярджае, што прыз аўтарскіх сімпатыяў – кароткахвалёвы прыёмнік – на конкурсе “Адзін дзень у БНР 2008” атрымлівае Алесь Чайчыц за апавяданне “Трынаццаты пастарунак”.


На гэтым літаратурны конкурс Радыё Свабода “Адзін дзень у БНР 2008” абвяшчаем закрытым. Творы ўдзельнікаў даступныя ў электроннай бібліятэцы Радыё Свабода.

Паводле “Радыё Свабода”

‹‹ на галоўную | у архіў