Расія верне беларусам слуцкія паясы
толькі наўзамен іншым каштоўнасцям
Перадача калекцыі слуцкіх паясоў з
Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі ў
сталае валоданне наўзамен беларускім музейным каштоўнасцям, цікавым для рускіх,
магчыма ў найбліжэйшай перспектыве.
Пра гэта 5 траўня паведаміў журналістам
старшыня Падліковай палаты РФ Сяргей Сцяпашын, які ўзяў ўдзел у адкрыцці выставы
слуцкіх паясоў у Мінску.
"Па шчырасці, мне шкада, што даводзіцца
казаць пра абмен, бо я хацеў бы, каб рускія і беларусы жылі ў адной краіне і
былі адным народам. Але, тым не менш, я разумею, што абмен - гэта нармалёвая
формула", - адзначыў Сяргей Сцяпашын. Па ягоных словах, адпаведнае рашэнне можа
быць абмеркавана ўжо ў найбліжэйшай будучыні, падчас планаванага візіту
Уладзіміра Пуціна ў Беларусь у якасці прэм'ер-міністра
Расеі.
"Сапраўды, у Беларусі ёсць тое, што
цікава для нас. І я разумею, што слуцкія паясы - гэта для беларусаў не проста
гістарычныя рэліквіі, а частка нацыянальнай душы. Няхай гэтае хараство, якое
ўвасабляе сінтэз шматлікіх культурных традыцый - візантыйскай,
заходнееўрапейскай і ўласна беларускай, захоўваецца ў нашых беларускіх братоў",
- рэзюмаваў кіраўнік Падліковай палаты РФ. "Абяцаю, што слуцкія паясы я бяру пад
сваю апеку ў якасці хобі", - дадаў ён.
Дзяржаўны гістарычны музей Расіі даў
восем слуцкіх паясоў і два іх фрагменты на працяглае экспанаванне Нацыянальнаму
мастацкаму музею Беларусі.
Паводле “Хартыя-97
|