Выдавецтва «Галіяфы» падтрымае
таленавітых аўтараў
Прэзентацыя новага выдавецтва адбылася ў
Доме літаратара ў Мінску 29 красавіка.
Стваральнікі выдавецтва, літаратары
Зміцер Вішнёў і Міхась Башура, прадставілі ўжо выдадзеныя кнігі і анансавалі
будучыя серыі, а таксама вэб-сайт: http://www.goliafy.com/
Сярод выступоўцаў былі аўтары, чые кнігі
ўжо пабачылі свет дзякуючы “Галіяфам”, а таксама тыя, чые творы патрапілі ў
партфоліо выдавецтва і рыхтуюцца да друку.
Усяго «Галіяфы» прэзентавалі чатыры
кнігі: «Мільярд удараў»
Юр’я Станкевіча; «Экзістэнцыйны пейзаж» Вікі Трэнас; «Забі ў сабе Сакрата!» Веры
Бурлак і Віктара Жыбуля; «Сто дарог» Уладзіміра Несцяровіча.
Да друку рыхтуюцца сэрыі «Другі фронт
мастацтваў», «Адсутнае беларускае мастацтва», «Калекцыя беларускай фантастыкі»,
«Партрэты польскай літаратуры», а таксама шэраг дзіцячых твораў. Пакуль
аўтарскую скарбонку выдавецтва складаюць, у асноўным, творцы Другога фронту
мастацтваў, «радыкальнай» суполкі «Schmerzwerk».
На прэзэнтацыі было таксама абвешчана пра
заснаванне конкурсу імя Паўлюка Шукайлы, пераможцы якога змогуць надрукавацца ў
«Галіяфах».
Выдавецтва «Галіяфы» заснаванае ў 2007 г.
Лагатыпам выдавецтва зьяўляецца выява Галіяфа — афрыканскага
жука-гіганта.
Паводле “Нашай Нівы”
|