Вернікі Салігорску заклікалі маліцца за Казуліна

Група вернікаў з Салігорску заклікала хрысціян Беларусі разам памаліцца за вызваленне Аляксандра Казуліна.

Супольную малітву яны прапануюць зладзіць 25 красавіка а 18-й гадзіне.

Салігорскія хрысціяне заклікаюць маліцца вернікаў усіх канфесій у розных гарадах і мястэчках Беларусі адначасна. Адна з ініцыятарак акцыі, грамадская актывістка Ларыса Насановіч гэтак патлумачыла патрэбу супольнага звароту да Бога: “Усё, што людзі ў нашай краіне робяць дзеля Казуліна, блакуецца ўладамі. Мы і пікеты спрабавалі ладзіць, і мітынгі, і подпісы збіралі, але безвынікова. Але нашая ўлада забылася, што Бог ёсць насамрэч. І менавіта ў ягоных руках усё. Мы ўсе вернікі і мы ведаем, калі шмат людзей аб’яднаюцца ў малітоўным чыстым імкненні, то гэта дойдзе да нябёсаў. І тады гэтая цямрэча будзе прарваная”.

Ініцыятыву вернікаў Салігорску перадусім вітаюць паплечнікі Аляксандра Казуліна ў ягонай партыі. Гаворыць былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч: “Вельмі ўзрадаваны і ўсцешаны гэтай навіной. Бо апошнім часам судова-прававыя механізмы не спрацоўваюць у справе вызвалення Аляксандра Казуліна. І такія акцыі духоўныя, як малітва, будуць сур’ёзнай падтрымкай”.

Супольныя малітвы беларускія вернікі праводзяць ня першы раз. Так, пратэстанты з розных гарадоў маліліся за сваіх братоў у веры падчас галадоўкі ў царкве “Новае жыццё”. Каталіцкая моладзь праводзіла кругласутачныя супольныя малітвы за ўсіх палітзняволеных за акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў. У побыце ж супольную малітву вернікі практыкуюць даўно і стала. Пра адзін з такіх выпадкаў і ягоны вынік распавядае каталічка з горада Косава Івацэвіцкага раёна вікторыя Савосціна: “Аднойчы з сяброўкай мы маліліся і прасілі за вельмі мілых для нас людзей, у якіх у доме шмат гадоў не было згоды. Адна асоба з таго дому казала, што ніколі нізавошта не памірыцца з мужам. Ніколі і нізавошта! Мы тры дні маліліся, хадзілі вакол святыні і прасілі за іх. І вы ведаеце, пасля нашай малітвы у іх наступіла згода такая, як і трэба. У Евангеллі напісана, што там дзе двое ці трое сабраліся ў імя маё, там і я сярод вас. Усё атрымаеце, што просіце”.

Вернік-пратэстант і палітолаг Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што супольная малітва – адзін са шляхоў кансалідацыі грамадства, у тым ліку, у галіне палітыкі: “Хрысціяне ўсіх канфесій упэўненыя ў сіле супольнай малітвы. Для людзей ня веруючых зразумелая піяраўская моц такой акцыі. Калі людзі далёкія ад нейкіх грамадска-палітычных падзей змогуць даведацца, што камусьці патрэбная іх дапамога. Па-другое, яны могуць вызначыцца і заняць пэўную пазіцыю. Гэта паспрыяе актыўнасці вернікаў. А гэта ня мала, бо на сёння ў Беларусі няма больш дысцыплінаванай еднасці, чым хрысціянскія грамады і абшчыны”.

Паводле “Радыё Свабода”

‹‹ на галоўную | у архіў