Падчас затрымання ў
Валерыя Шчукіна здарыўся сардэчны прыступ
24 красавіка прыкладна а
20-й гадзіне на ўскрайку Віцебска міліцыянты затрымалі тыраж газеты “Віцебскі
кур’ер М”. Падчас захопу міліцыянты накінуліся на праваабаронцу Валерыя Шчукіна.
У момант сутыкнення яму стала дрэнна.
Як высветлілася, рэйсавы
аўтобус са Смаленску, на якім перавозілі газету, да абласнога цэнтра
суправаджала машына з міліцыянтамі. На першым жа прыпынку ў горадзе людзі ў
форме кінуліся канфіскоўваць выданне. Паводле сведак, гэта выглядала даволі
брутальна. Падчас захопу парвалі валізу ў Валерыя Шчукіна. У момант сутыкнення
яму стала дрэнна. Прыйшлося выклікаць “хуткую дапамогу”, якая адвезла вядомага
праваабаронцу і журналіста ў 2-ю гарадскую бальніцу. Зараз ён з вельмі высокім
ціскам і сардэчным прыступам знаходзіцца ў аддзяленні кардыялогіі, паведаміла
"Радыё Рацыя".
Большую частку накладу
даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Астатнюю, якая была ў легкавіку супрацоўніка
рэдакцыі Алега Баршчэўскага, перахапілі на вуліцах горада супрацоўнікі
ДПС.
У РАУС былі пералічаныя ўсе
асобнікі выдання, колькасць якіх адпавядала замоўленаму
тыражу.
Па словах прадстаўнікоў
рэдакцыі, міліцыянты складаюць пратакол па частцы 2 артыкула 22.9 КоАП
Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае пакаранне за “парушэнне вызначанага
парадку рассылання абавязковых бясплатных паасобнікаў перыядычных друкаваных
выданняў, распаўсюджванне эратычных выданняў, апублікавання сродкам масавай
інфармацыі абвяржэння, а таксама распаўсюджванне... без выходных дадзеных”.
Ніводнага з падобных парушэнняў рэдакцыя не зрабіла.
“Віцебскі кур’ер М” з-за
перашкод мясцовых уладаў не выходзіў некалькі месяцаў. Нягледзячы на тое што
рэдакцыя мае памяшканне, ёй катэгарычна адмаўляюць у юрыдычным адрасе. А першы
пасля перапынку наклад арыштавалі.
Паводле
«Хартыя-97»
|