Прадпрымальніку Сяргею
Парсюкевічу прызначылі 2,5 гады
Суд Маскоўскага раёна
Мінска прызначыў лідэру прадпрымальнікаў Сяргею Парсюкевічу 2,5 гады калоніі
агульнага рэжыму. Прадпрымальнік таксама мусіць выплаціць міліцыянту
Аляксандру Дулубу 1 мільён 100 тысяч рублёў кампенсацыі. Прысуд вынес
суддзя Уладзімір Аўдзеенка.
Пасля абвяшчэння прысуду
Сяргей Парсюкевіч сказаў: "Гэта палітычная расправа. Не пакідайце без падтрымкі
маю сям'ю!".
Пракурор Сяргей
Кунаш патрабаваў прысудзіць Сяргею Парсюкевічу тры гады калоніі агульнага
рэжыму.
Нагадаем, што Сяргей хварэе
на астму. За час, праведзены ў следчым ізалятары на Валадарскага, стан яго
здароўя значна пагоршылася.
Сяргей Парсюкевіч быў
арыштаваны ў Мінску 4 сакавіка. Віцебскі прадпрымальнік затрыманы нібыта за
“гвалтоўныя дзеянні супраць супрацоўніка міліцыі”. Раней Парсюкевіч быў
затрыманы за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Мінску і прысуджаны да 15 сутак
арышту, які прадпрымальнік правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы
Акрэсціна. Па сведчанні Парсюкевіча, 21 студзеня ён быў жорстка збіты
супрацоўнікам спецпрыёмніка Аляксандрам Дулубам. Пазней гэты міліцыянт,
каб пазбегнуць абвінавачанняў у перавышэнні паўнамоцтваў, сам абвінаваціў Сяргея
Парсюкевіча ў тым, што арыштант яго збіў.
У судзе Сяргей Парсюкевіч
прысягнуў на іконе здароўем сына, жонкі і маці, што ні ў чым не вінаваты і не
збіваў супрацоўніка міліцыі. Словы прадпрымальніка пацвярджаюць людзі, якія
сядзелі разам з ім у камеры спецпрыёмніка. Так, сведка Алесь Таўстыка пацвердзіў
у судзе паказанні падсуднага. Па ягоных словах, міліцыянт Дулуб уварваўся
ў камеру, у грубай форме загадаў усім падняцца, стукнуў па нагах Парсюкевіча,
вывеў яго з камеры, а праз 10 хвілін усё пачулі крыкі прадпрымальніка:
"Дапамажыце, забіваюць!". Таўстыка заявіў, што Аляксандр Дулуб, прызнаны
ў справе пацярпелым, баіцца адказнасці за свае дзеянні, таму ўзводзіць паклёп на
Парсюкевіча.
Сам Парсюкевич распавёў пра здарэнне на
Акрэсціна наступнае. У камеру прыйшоў міліцыянт Дулуб і загадаў усім
падняцца. Парсюкевіч пачаў разам з усімі ўздымацца. На нарах ён ляжаў босы, і
Дулуб вельмі моцна стукнуў яго ботам па назе. Парсюкевіч сказаў, што ён
маёр МУС на пенсіі і зрабіў Дулубу заўвагу наконт яго паводзінаў. Пасля
гэтага Дулуб залез на падваконне, сарваў самаробны бел-чырвона-белы сцяг,
кінуў шматкі гэтага сцяга на месца, дзе ляжаў Парсюкевіч. Ён сказаў, каб той
выйшаў з камеры і зайшоў у пакой для допытаў. Прадпрымальнік сеў там на лаву, і
Дулуб пачаў яго біць далонямі па вушах, а пасля па галаве. Тады
Парсюкевіч узняўся, адштурхнуў яго і паспрабаваў спыніць удары, схапіўшы за
рукі. У гэты момант забег другі міліцыянт Якімчык , яны кінулі палітвязня
на падлогу і начапілі кайданкі.
Пасля гэтага пачалося самае страшнае.
Парсюкевіч распавёў, што сядзеў на падлозе ў кайданках, а Дулуб біў яго
па твары, і нагамі па нырках. Прадпрымальніку, хвораму на астму, стала дрэнна.
Спалохаўшыся, міліцыянты далі яму падыхаць з інгалятара і выклікалі
"хуткую".
Старшыня Рады індывідуальных
прадпрымальнікаў "Смаленскага рынку" у Віцебску Сяргей Парсюкевіч з'яўляецца
маёрам міліцыі ў адстаўцы. Выйшаў на пенсію ў 2004 годзе ў пасадзе начальніка
судова-крыміналістычнага аддзела, пасля чаго і пачаў займацца прадпрымальніцкай
дзейнасцю.
Паводле сайта
“Хартыя-97”
|